Каляды і Новы год у кожны дом могуць прынесці не толькі свята і казачны настрой, але і падарыць сапраў­днае чарадзейства. 
Любая магія ствараецца сваімі рукамі. Вы таксама ў сілах адчуць у сабе надзвычайныя сілы, якія дапамогуць змяніць тое, што трэба менавіта вам.

2015-ы – год Сіняй Драўлянай Казы. Варта аддаваць перавагу сінім і зялёным колерам.

Пачніце адразу з увахода. Павесьце на дзверы калядны вяночак са званочкамі, каб гаспадыня наступнага года спрыяла вам ад парога. Званочкі развесьце ў прыхожай і зале, дзе будзе навагодні стол і ёлка. Прымацуйце іх зялёнымі і сінімі банцікамі.

Павесьце гірлянды на вокны

Расстаўце па пакоях фігуркі козачкі з дрэва, крышталю ці керамікі ў бачных месцах. Падарыце некалькі сваім сваякам, сябрам і знаёмым.

Абавязкова ўпрыгожце вокны. Зімой з іх адкрываецца пануры далягляд, які зусім не дапамагае стварыць святочны настрой. Размясціце на падваконні кнігі, падсвечнікі, прыгожыя фігуркі, не забудзьце пра званочкі. Прымацуйце на акно адмысловыя налепкі ці расфарбуйце яго акварэллю. Можна намаляваць сняжынкі ці зімовы пейзаж, а можна і козачку на летнім лузе. 

Упрыгожце акно гірляндай – так дух свята і чараўніцтва будзе не толькі ў доме, але і для любога мінака. Уявіце звычайны вілейскі двор, калі ў кожнай кватэры хаця б некалькі вокнаў з гірляндамі.

Фота shop.ulmebel.com.

Фота shop.ulmebel.com.

Як упрыгожыць ёлку

Калі возьмеце толькі сіні і зялёны колеры для аздаблення, атрымаецца не вельмі ярка. Дадайце яркія плямы, вытрымліваючы ў адной гаме.

Добры варыянт – глянцавыя сінія шарыкі і матавыя чырвоныя ці іншага яркага колеру. Буйныя вешайце на ніжнія лапкі, а падымаючыся вышэй, бярыце меншыя.

Ёлкі таксама варта ўпрыгожыць званочкамі з сінімі і зялёнымі банцікамі. Гэта звяжа ўсе ўпрыгажэнні ў адну гісторыю.

Гаспадыня 2015 года будзе спрыяць тым, хто ўпрыгожыць ёлку цацкамі з выявай кветак: васількоў ці рамонкаў.

Утульную атмасферу забяспечаць вязаныя цацкі ці сшытыя з тканіны. Арыстакратычная і цёплая атмасфера атрымаецца, калі выкарыстаць сіне-серабрыстую гаму, аздобіўшы вязанымі і тканінавымі ўпрыгожваннямі.

Фота chevstr.ru.

Фота chevstr.ru.

Зрабіце сваімі рукамі

Трэнд навагодняга сезона-2015 – празрыстыя ёлачныя цацкі. Можна апавіць іх ніткамі, дож­джыкам ці размаляваць фарбай. А можна штосьці пакласці ў іх: хваёвую лапку, мішуру.

Кожнай сям’і неабходна хаця б адну цацку зрабіць сваімі рукамі. Гэта будзе спрыяць добрым стасункам у доме. Можна зрабіць так, як Вольга Мацюшонак.  Рознакаляровыя ніткі спачатку прамачылі ў клеі ПВА. Надзьмулі паветраныя шарыкі і змазалі іх алеем. Абматалі шарыкі ніткамі ў клеі. Пакінулі на ноч. Раніцай праткнулі і дасталі паветраны шарык. Атрымалі прыгожыя цацкі, якія гля­дзяцца яшчэ прыгажэй з гірляндай.

Ёлка для офіса

Самы просты спосаб упрыгожыць ёлку, які асабліва падыходзіць для офісаў, – апельсінамі. Парэжце некалькі апельсінаў кружкамі, прысыпце молатай карыцай і пакладзіце іх падсохнуць. Потым прымацуйце кружкі да галінак. Некалькі апельсінаў упрыгожце спецыямі гваздзікі і абвяжыце сіняй стужачкай. 

Аранжавы колер будзе стымуляваць мазгавую дзейнасць, а пах апельсіна і карыцы павялічыць працаздольнасць.

Упрыгожвайце дом з самымі блізкімі людзьмі, будзьце шчырыя і не спрабуйце зрабіць усё адначасова. Новы год – гэта свята. Толькі ад вас залежыць, ці стане яно чарадзейным.

Як ёлка здзяйсняе жаданні

Калі вы чакаеце ад сёлетніх Калядаў і Новага года больш, чым вясёлага свята, скарыстайцеся простымі магічнымі прыёмамі, якія маюць сілу толькі ў гэты чароўны час.

  • Калі вы марыце пра каханне, упрыгожце ёлку ў чырвона-ружовай га­ме. Выкарыстайце выявы сардэчак, стаўце шмат свечак. Усе ўпрыгожванні абавязкова павінны быць у пары!
  • Калі востра стаіць грашовае пытанне – упрыгожвайце любымі цацкамі з залацінкамі, манеткамі і грашыма. 
  • Калі складанасці з кар’ерай, дом і ёлку варта ўпрыгожыць так, каб з прафесіяй была відавочная асацыяцыя.
  • Калі марыце пра папаўненне, добрым упрыгожваннем стануць дзі­цячыя цацкі.
  • Калі хочаце вырашыць усе праблемы адразу, стаўце ёлку ў цэнтр пакоя і ўпрыгожвайце ўсім, што тычыцца кожнага з кірунку вашых мараў.

Пераднавагодні Берлін: глінтвейн і вогнішча ў цэнтры горада (фотарэпартаж)

Калядны настрой у Вільні летась (фотарэпартаж)