Супрацоўнікі занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праверылі 16 гандлёвых пунктаў грамадскага харчавання і 13 суб’ектаў гаспадарання.

Парушэнні былі на ўсіх аб’ектах харчавання. На чатырох з іх неабходна правесці рамонт. На двух парушалі ўмовы захавання прадуктаў. У адным з правераных месцаў харчавання гандлявалі прадуктамі, на якіх не было дакументаў аб бяспецы і якасці тавараў.

Пры праверцы аказалася, што некаторыя не выконваюць паточнасць тэхналагічнага працэсу. У іншых – незадавальняючы стан тэрыторыі. У адным месцы грамадскага харчавання персанал несвоечасова праходзіў медыцынскае абследаванне. Знайшлі шэсць іншых парушэнняў.

Зрабілі 22 пробы гатовай прадукцыі

Усе пробы адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Іншародных уключэнняў не знойдзена.

Пасля праверкі падрыхтавана 13 прадпісанняў аб прадухіленні парушэнняў. Прынялі 13 пастаноў аб адміністрацыйных правапарушэннях на суму 20 мільёнаў рублёў.

На адным з аб’ектаў грамадскага харчавання знята з продажу пяць кілаграмаў прадукцыі. Яна была без дакументаў, якія сведчаць аб бяспецы і якасці тавараў.

Часова зачынілі адзін рэстаран. Ён зможа аднавіць работу  пасля выпраўлення парушэнняў.

Даведка “РГ”. Паточнасць тэхналагічнага працэсу – форма арганізацыі вытворчасці, якая характарызуецца паўтараемасцю ўзгодненых аперацый.