Якая глеба ў раёне, і ці зможа яна стаць бар’ерам для адходаў ад свінакомплексаў і грунтовымі водамі. Што адбудзецца ў выніку забруджвання, і хто пацерпіць першым? Чаму ў праекце мусіць быць прадугледжаная біягазавая ўстаноўка?

Пра гэта размаўляем са спецыялістам у сферы інжынерна-геалагічных і  геадэзічных пошукаў маладзечанцам Ігарам Таранікавым.

Нагадаем, на Маладзечаншчыне ў лістападзе абмяркоўвалася магчымае будаўніцтва двух свінакомплексаў на 100 тысяч свіней ля вёсак Мойсічы і Соўлава.

1 снежня сто маладзечанцаў прыйшлі на адкрытае абмеркаванне ў Маладзечанскі райвыканкам, каб выказаць сваю пазіцыю адносна будаўніцтва і ўказаць на недакладнасці ў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння свінакомплексаў на наваколле. Вынікі павінны агучыць праз дзесяць дзён пасля сходу.

Што значыць “сучасныя тэхналогіі”

На грамадскім абмеркаванні прадстаўнік заказчыка праекта, дырэктар кампаніі “Вялес-Міт” Алег Іваноў зазначаў, што ў планаваных свінакомплексах тэхналогіі новыя і сучасныя, што на экалогіі і здароўі людзей эканоміць ніхто не збіраецца.

З інжынерам-геолагам мы разабралі схему працы  сучаснага свінакомплекса ля вёскі Грэск на Случчыне. Ён разлічаны на 24 тысячы свіней.

Адметна, што на згаданым свінакомплексе выкарыстоўваюць італьянскія тэхналогіі.

Першае, на што варта звярнуць увагу – выбар месца. Пласт пяску большы за дзесяць метраў. Грунтовых водаў няма. Гэта значыць, калі раптам здарыцца ўцечка, бруд зможа пранікнуць на глыбіню да пяці метраў. Тут сцёкі будуць спыняцца і назапашвацца. Ніжэй апусціцца не змогуць. У гэтым асаблівасць пяску.

Пры гэтым на свінакомплексе прадугледжаная біягазавая ўстаноўка.

– Усё, што збіраюць праз сістэму гноевыдалення, накіроўваюць у вялікую брадзільную ёмістасць, – тлумачыць Ігар Таранікаў. – Магчыма, дадаюць некаторыя інгрэдыенты, каб паскорыць працэс браджэння. Трэба, каб вылучыўся метан. Ён збіраецца, як шапка, у верхняй частцы ёмістасці і ідзе на спальванне. З яго атрымліваем электрычнасць і цёплую ваду. Электрычнасць забяспечвае асвятленне свінакомплексу. Цяпло ідзе на тэхнічныя патрэбы. Цвёрдую фракцыю, якая застаецца, высушваюць парай і ў сухім выглядзе пакуюць у мяхі. Зашываюць і вывозяць для ўгнойвання на цяплічныя гаспадаркі, фермерам, прадаюць.

Спецыяліст лічыць, што тэхналогія, прапанаваная ў праекце свінакомплексаў на Маладзечаншчыне, састарэлая. Згодна з ёй, гной будуць падзяляць на вадкую і цвёрдую фракцыю і вывозіць на палеткі.

У праекце свінакомплекса ў Слуцкім раёне да бліжэйшай вёскі больш за два кіламетры. Наступная вёска – у пяці. Ружа вятроў цалкам скіраваная ў супрацьлеглы бок. 

У чым асаблівасць глебы ў Маладзечанскім раёне

На Маладзечаншчыне зверху да паўметра ідзе глебава-раслінны пласт. Ніжэй не пяскі, а супесі і суглінкі. Гэта звычайная чырвона-карычневая гліна. Але ж глеба неаднародная. Могуць быць уключэнні, лінзы пяску.

Куды ідзе вада падчас дажджу ці растайвання снегу? Часткова сцякае, часткова ўбіраецца ў зямлю. Далей яна можа трапляць у лінзы пяску.

Але лінзы могуць паміж сабой злучацца, аб’ядноўвацца з іншымі лінзамі, якія знаходзяцца яшчэ ніжэй.

– Я не сцвярджаю гэта, але кажу, што часта так бывае. На 80 і нават 90 працэнтаў, – заўважае спадар Ігар. – І вось глядзіце. Калі жыжа з паверхні трапляе ў лінзы, то праз некаторы час яна можа пранікнуць і ў ніжнія гарызонты. Потым – яшчэ ў больш нізкія. Туды, дзе грунтовыя воды.

Больш за тое, у верхнім пласце зямлі фільтрацыя можа дасягаць 5-12 метраў у суткі. Гэта значыць, што ён вельмі добра ўсмоктвае вадкасць. А вось ніжэй, дзе ідуць суглінкі і супесі, фільтрацыя 0,1-0,01 метраў суткі. Гэта водаўпор, вада можа тут спыняцца. Калі насыціць гнаявой жыжай верхні пласт, то ніжэйшы не будзе яе ў сябе ўбіраць.

– У лепшым выпадку, жыжа будзе стаяць, – мяркуе спецыяліст. – А хутчэй за ўсё, пойдзе ніжэй па рэльефе і будзе сцякаць у самыя нізкія месцы. Пачнецца набуханне. Гліна ўбярэ жыжу ў сябе і будзе трымаць. І калі жыжа прарвецца ў больш нізкія пласты, то забрудзіць грунтовыя воды.

І мы з вамі не зможам кантраляваць, куды яна ідзе.

Першымі пацерпяць жыхары вёсак

Не ў кожнай вёсцы ёсць водаправоды. Шмат дзе людзі карыстаюцца калодзежам.

– Куды будзе імкнуцца гноевая жыжа? Па шляху найменшага супраціўлення. Па рэльефу скатвацца, пранікаць у самыя нізкія месцы. І можа заразіць ваду ў калодзежах. Нічога добрага гэта не нясе, – папярэджвае эксперт. – Калі піць такую ваду, першае, чаго варта чакаць, – кішачныя інфекцыі. Тым больш, што вёскі знаходзяцца так блізка ад свінакомплекса.

У двух кіламетрах ад свінакомплексаў месціцца з дзясятак вёсак. Найбліжэй да аднаго з іх – Раеўшчына. Адлегласць меншая за кіламетр.

Як заўважае спецыяліст, ружа вятроў у Маладзечанскім раёне паўночна-заходняя. Ветры ідуць міма. Але ёсць дні, калі вецер мае пераважна паўднёвы і паўднёва-ўсходні накірунак.

– Я не кажу, што такіх дзён шмат, – удакладняе Ігар Таранікаў. – Але іх хапае. І ўсе “духмянасці” са свінакомплекса пойдуць на горад. Мы будзем імі дыхаць, а пасля пачнем казаць: “А-я-яй! Столькі анкалогіі з’явілася! Столькі лёгачных, кішачных захворванняў!”

Верхні пласт глебы будзе мёртвы

Верхні слой глебы, паўметра, пасля эксплуатацыі комплекса будзе жудасным чынам забруджаны, зазначае спецыяліст. Яго нельга будзе выкарыстоўваць ні ў гаспадарчых, ні ў іншых мэтах. Пласт трэба будзе зняць і перапрацаваць. Для гэтага існуюць спецыяльныя тэхналогіі. Але яны дорага каштуюць.

Спецыяліст мяркуе, што за колькасцю ўнесенага гною і ўтрымання арганічных рэчываў у верхніх пластах глебы павінен сачыць аграном. За той зямлёй, дзе пасля фармуецца карнявая сістэма раслінаў.

У праекце для барацьбы з некаторымі наступствамі пабудовы свінакомплекса запланаваная лесапаласа. Сёння на меркаваным месцы будаўніцтва ля вёскі Мойсічы ўвогуле няма ніводнага дрэўца.

Мы ўдакладнілі ў эксперта, колькі часу трэба, каб паласа пачала выконваць свае функцыі.

– 15-20 гадоў, – распавёў Ігар Таранікаў. – Залежыць ад дрэваў, якія пасадзяць. Ніхто не будзе высаджваць дарослыя дрэвы ў такі грунт – супесі і суглінкі. Каб развілася каранёвая сістэма, будуць садзіць маладыя дрэўцы. Калі б тую (дрэва) пасадзілі, яна б вымахала за пяць-сем гадоў. Але ж ніхто яе садзіць не будзе.

Такім чынам, відавочна, што ў праекце ёсць аспекты, якія не ўлічылі пры планаванні свінакомплексаў. Спецыяліст падсумаваў, што, улічваючы ўсе магчымыя наступствы, будаваць свінакомплексы па дадзеным праекце нельга. Праблема не толькі ў блізкім іх размяшчэнні ля вёсак і стотысячнага горада. Зямля ўсяго Маладзечанскага раёна па сваім складзе не гатовая ўвабраць столькі адходаў. Свінакомплексы могуць парадзіць шмат экалагічных праблемаў, якія пасля ўжо немагчыма будзе вырашыць.

Што думаюць пра будаўніцтва свінакомплексу жыхары Раеўшчыны (Рэпартаж, шмат фота)

Эколаг бачыць хібы ў праектаванні свінакомплексу ў трох кіламетрах ад Маладзечна

На грамадскае абмеркаванне па будаўніцтве свінакомплексаў на Маладзечаншчыне прыйшло 100 чалавек (Відэа)

Сітуацыю са свінакомплексамі на Маладзечаншчыне пракаментаваў райвыканкам

Прайшла экалагічная экспертыза будаўніцтва свінакомплексаў у раёне вёсак Мойсічы і Соўлава

Хто што думае пра магчымыя свінакомплексы каля Маладзечна