Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Каб павялічыць фота, націсніце на яго.

Івент-прэмія “Натхненне-2014” адбылася ў адным з клубаў горада.

Увечары, як і патрабуе светскае мерапрыемства, у клуб пачалі збірацца дамы ў вячэрніх уборах і мужчыны ў касцюмах і гальштуках-мятліках.

Івент-прэмія ў Маладзечне ўручаецца ўжо другі год, але толькі сёлета яна атрымала назву “Натхненне” і сімвал – зорку.

Арганізатар “Натхнення-2014” Ірына Платонава патлумачыла “РГ”, што назва “Натхненне”, як ніякая іншая, падыходзіць для творчых людзей, якімі, безумоўна, з’яўляюцца тыя, хто працуе ў індустрыі забаў і святаў.

– А зорка, – кажа Ірына, – гэта тая вышыня, да якой хочацца імкнуцца.

Хто памятае, у мінулым годзе прэмія называлася “Вясельная капуста”, але арганізатар мерапрыемства прызналася, што ёй здаецца такая назва вельмі местачковай для прэміі, якая неўзабаве мусіць стаць міжнароднай.

– Так, гэта тая вышыня, да якой мы цяпер імкнёмся. Уладальнікамі прэміі сёлета сталі відэографы, вядучыя і фатографы, якія вядомыя далёка па-за межамі Маладзечна. Напрыклад, Руслан Сяргей, відэограф, прыехаў на ўручэнне “Натхнення” з другой прэміі рэспубліканскага ўзроўню, дзе таксама стаў пераможцам.

Выбіраць пераможцаў даверылі не толькі кампетэнтнаму журы, але і гледачам, якім пашчасціла апынуцца нядзельным вечарам на ўручэнні прэміі.

Гледачам прадэманстравалі работы фатографаў і відэографаў на экране, а вось вядучым давялося даказваць свой прафесіаналізм тут жа. Як цяпер бы сказалі: у рэжыме он-лайн.

На думку журы і гледачоў конкурсу, пераможцамі сталі: у намінацыі “Лепшая відэаграфія года”– Руслан Сяргей. Дарэчы, Руслан і яго студыя былі пераможцамі і першай прэміі.

У намінацыі “Лепшы фатограф года” перамогу і сваю зорку атрымаў Віталь Раманоўскі.

А лепшых вядучых вызначылі ажно дваіх – імі  сталі  Уладзімір Бурко і Маргарыта Шытыка. Праўда, трэба сказаць, што Маргарыта і Уладзімір нават не спаборнічалі адзін з адным. Лепшым вядучым назвалі Уладзіміра, а лепшай вядучай – Маргарыту.

Пасля ўручэння прэміі, “РГ” пагутарыла з пераможцам у намінацыі “Вядучы” – Уладзімірам Бурко.
– Для мяне гэта прэмія – бальзам на душу. Мне было вельмі прыемна, што ў маім родным горадзе адбылася падобная падзея. Арганізацыя, раскрутка, правядзенне – гэта велізарная праца і за гэта вялікі дзякуй Ірыне Платонавай. Асноўнай мэтай было паказаць людзям нешта новае і цікавае, таму што арганізацыя і правядзенне вяселля ў Маладзечне трывала затрымаліся ў мінулым стагоддзі. “Баянобезгалосыя” і “пошлаконкурсныя” вечары з вядучымі, якія працуюць па дзедаўскіх шаблонах, трывала занялі сваю нішу. Калі я заслужыў статуэтку пераможцы – значыць гледачам мая ініцыятыва прыйшлася па душы.
– Яшчэ да абвяшчэння вынікаў вы былі ўпэўненыя, што вы лепшы вядучы?
– Калі шчыра, падазраваў. Я працую ў Маладзечне вельмі рэдка з-за занятасці і кошту на свае паслугі, але пры ўсім пры гэтым добра дасведчаны аб маладзечанскім вясельным рынку, якасць паслуг якога пакідае жадаць лепшага.
– Што будзеце рабіць са статуэткай?
Яна зойме пачэснае месца ў асабістай калекцыі узнагарод. Дарэчы, па дызайне – гэта, бадай, лепшая з узнагарод, якія даводзілася сустракаць за апошні час.
– Колькі трэба чакаць, каб запрасіць вас вядучым на сваё мерапрыемства?
Калі вырашыце запрашаць, тады і запрашайце. А калі сур’ёзна, лета 2015 ўжо распісана цалкам і заказваць мае паслугі лепш мінімум за год, а то і раней. У несезон з датамі прасцей, але таксама ня трэба цягнуць да апошняга.