Магчымае будаўніцтва двух свінакомплексаў на Маладзечаншчыне жыва абмяркоўваюць. Распрацоўшчыкі праекта завяраюць, што смурод жыхароў турбаваць не будзе і экалогіі нішто не нашкодзіць. Такія ж абяцанні чулі і жыхары Валожынскага раёна, дзе ў канцы снежня закончаць будаўніцтва аграпрадпрыемства, вытворчасць якога пачалася ў чэрвені. Дазволу на пабудову ў мясцовых ніхто не пытаўся.

Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.

Пра тое, як жывецца каля прадпрыемства па вытворчасці свініны, мы распыталі ў жыхароў Канюшаўшчыны і Даўгулёўшчына Пяршайскага сельсавета.

Свінакомплекс на Валожыншчыне.

Свінакомплекс на Валожыншчыне.

У пятніцу, 5 снежня, мы смуроду не пачулі. Мясцовыя жыхары адразу папярэдзілі, што ён бывае не заўсёды. Асабліва дастаецца тым, хто жыве на поўначы вёскі, найбліжэй да прадпрыемства.

“Як вецер паверне, дыхаць няма чым”

Жанчына ў першым доме, у які мы зайшлі ў Канюшаўшчыне, просіць не называць яе. У пакоі з канапамі яна сушыць бялізну.

− Яшчэ наш комплекс, напэўна, не закончаны. Можа, яшчэ будуць неяк закрываць жыжу і гной, як яно там захоўваецца. Но цяпер жа! Летам было, я вось вам раскажу. Пайшла завесці да нявесткі карову і адкрыла тут два вакны, і там два. Ужо на двары ж было развеялася. Прыходжу ў хату, думаю, што ж у мяне зрабілася. Увесь смурод сцягнула ў хату. Другі раз пайшла да курэй, нічога не чую, а як выйшла − слухайце, аж тут у горле нешта! А потым і развеялася. Яно не заўсёды, толькі як вецер круціць.

Пытаемся, ці дакладна з новага прадпрыемства ідзе смурод.

− Смярдзіць ад новага, старога ж у нас ужо няма, − адказвае жанчына. − А ад старога смуроду не было. Быў толькі, калі жыжу разлівалі на поле. Але ж не пастаянна. А з новага, як вецер паверне, дыхаць няма чым.

Як аказалася, знайшоўся актывіст, які збіраў подпісы супраць будаўніцтва прадпрыемства.

− Мы пісалі, быў чалавек, што хату тут купіў. Пэўна, і прадаў праз гэты смурод. І давалі падпісвацца нам, дык а што ж тое памагло. Што толку, калі там будоўлю ўжо пачалі.

Калі зачынялі старую свінаферму, некаторыя мясцовыя спадзяваліся ўладкавацца на новае прадпрыемства.

− Ад нас там ніхто не працуе. Гавораць, што працуюць з Валожына людзі. Многа хто хацеў ісці туды, у старым жа скарачэнні былі − і дзявайся куды хочаш. Узялі валожынскіх, што на старой ферме працавалі. А калі хто з вясковых хацеў, то іх так нібы характарызавалі, кажуць, што і не бралі.

Жанчына складвае рукі і падсумоўвае:

− Ну, што ж рабіць…

“Надта яны далікатныя”

Наступная жанчына, да ганку якой была пратаптаная ў снезе сцежка, не толькі не супраць прадпрыемства, яно ёй падабаецца.

Галіна Альбінаўна.

Галіна Альбінаўна.

− Ды нямнога дзён, каб смурод ішоў, − распавядае Галіна Альбінаўна. − Можна жыць. Як вецер адтуль, то ясна, што гоніць трохі. Я дык і люблю: як запаляць вечарам гэтыя ліхтары на ферме, там усё ззяе! Прыгажосць якая! Надта яны далікатныя, каму смярдзіць. Сцёкі далекавата ад нас. У нас жа кіламетр ці ёсць да комплексу, і нічога страшнага тут няма.

“Смярдзець не будзе? А дзе ж яно дзенецца?”

Станіслава Міхайлаўна пражыла ўсё жыццё ў Канюшаўшчыне. Адсюль яе бацькі, тут выйшла замуж. Яе дом адзін з самых паўночных у вёсцы.

− Дзетачкі, немагчыма, такое смярдзенне, як тут жыць, я не ведаю. Ну я ўжо дажыву. Непадалёк жывуць людзі, пераехалі, рамонт зрабілі. Як ім? Кожны дзень то яно не смярдзіць, сёння я не чула. А заўчора нацягнула аж у сені. Летам неяк адчыніла вокны, дык так нацягнула ў хату, што як тут жыць. Я не ведаю, чаму суседцы не дзьме, але ж мне немагчыма. Можа, яна па двары мала ходзіць. Да сёння тры дні смурод стаяў. Летам надта смярдзела. Потым неяк перастала, можа, адрамантавалі нешта. Пэўна, нешта псавалася. Цяпер зноў стала смярдзець.

Жанчыне непрыемна, чаму яна, пражыўшы і адпрацаваўшы на гэтай зямлі ўсё жыццё, павінна пакутаваць на старасці.

− Ніхто нас не пытаўся, ці ставіць. Некалі ў калгас заганялі, бралі каня і калёсы, усё пазабіралі. А цяпер і паветра забралі. О! І жыві стары, як хочаш! Гэтак і ў нас тады гаварылі, што пахнуць не будзе. А дзе ж яно дзенецца? Свінні ёсць свінні.

“Адзежу не павесіш сушыць”

У вёсцы Даўгулёўшчына мы пагаварылі з дзвюма жанчынамі.

− Людзі кажуць, што смярдзіць, − кажа першая. − І адзежу не павесіш сушыць − смуродам ад яе нясе. Але ж там яшчэ і не ўсе свінні. Кажуць, што як мацнейшы вецер, то і сюды даносіць. А я ўжо не чую нічога, і смаку ежы не адчуваю.

Жанчына параіла схадзіць да суседкі, якая “баба граматная”.

− Яшчэ ж не на ўсю працуе, − заўважыла суседка. − Бывае калі смурод. Але не надта. Мы не знаем, ад чаго ён. Тут побач іншая ферма. Паўночных вятроў мала.

Жыхарка Даўгулёўшчыны.

Жыхарка Даўгулёўшчыны.

Яна пракаментавала і тое, што адзін з меркаваных свінакомплексаў плануюць ставіць у трох кіламетрах ад Маладзечна:

− Да горада то мала тры кіламетры. А каля вёскі нармальна. Мы ж прывыкшы.

Заканчэнне будаўніцтва − 31 снежня

Аграпрадпрыемства Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Данпрод” па вытворчасці беконнай свініны магутнасцю 11 тон мяса ў жывой вазе ў год размясцілі ў раёне вёскі Даўгулёўшчына. Заказчык − СТАА “Данпрод”, падрадчык − ТАА “Будаўнічы трэст №25”. Праектная арганізацыя − “Інстытут “Брэстбудпраект”.

Будаўніцтва пачалі 20 красавіка 2012 года. Заканчэнне будоўлі запланаванае на 31 снежня.

Маладзечанскі райвыканкам: свінакомплекс ля Мойсічаў будаваць не будуць

Інжынер-геолаг: свінакомплексы на Маладзечаншчыне могуць прывесці да забруджвання грунтовых водаў

Што гаварылі на грамадскім абмеркаванні: чаму людзі супраць свінакомплексаў

Эколаг бачыць хібы ў праектаванні свінакомплексу ў трох кіламетрах ад Маладзечна