Яны пераехалі з горада ў вёску, каб жыць на чыстым паветры. Аднак пасля будаўніцтва свінакомплексу ля Соўлава яно можа набыць водар гною. Сям’я даслала ліст у рэдакцыю, дзе распавяла сваю гісторыю.

“Тры гады таму мы з мужам вырашылі пераехаць з горада ў вёску. Аб’ездзілі паўсвета і ўсю Беларусь у пошуках прыгожых мясцін і ўтульнай хаты. І як толькі мы трапілі на Валожыншчыну, зразумелі, што будзем жыць тут. Маляўнічыя краявіды, узгоркі, вятры. У суцэльна плоскай Беларусі такое рэдка можна ўбачыць. А гэтае Ашмянскае ўзвышша нават называюць беларускай Швейцарыяй.

У вёсцы Лохаўшчына Гародзькаўскага сельсавета мы купілі стогадовы дамок і сталі абжывацца. І не маглі нарадавацца, што, нарэшце, брудны, загазаваны, бетонны горад з пашкоджанай экалогіяй застаўся далёка ад нас. Тры гады мы вырошчваем натуральную гародніну, п’ем калодзежную ваду, займаемся фізічнай працай, рамантуем дом, праводзім камунікацыі і папраўляем сваё здароўе, крыху падсапсаванае гарадскім жыццём.

І гэты край прыцягнуў не толькі нас. У некалькіх кіламетрах – хутар Шаблі, на якім штолета ладзяцца фестывалі, сярод якіх і шмат каму вядомы “Вольнае паветра”.

Сюды на фэсты прыязджаюць тысячы беларусаў і іншаземцаў, каб пабавіць час на свежым паветры, паслухаць любімую музыку. Фестывалі іграюць на руку не толькі прыезджым, але і мясцовым. За дні канцэртаў мясцовыя крамы значна павялічваюць сваю выручку.

Уладальнік хутара Уладзімір Шаблінскі летась нават атрымаў ўзнагароду “За ўнёсак у развіццё турызму і агратурызму Валожынскага раёна” ад старшыні аддзела спорту і турызму Валожынскага райвыканкама. І ўзнагарода сапраўды заслужаная.

Пра гэты край даведалася шмат маладых, творчых, актыўных людзей. І многія з іх сталі купляць сабе дамкі ў суседніх вёсках – Малое і Вялікае Запруддзе, Лоск, Кашчэлічы, Лохаўшчына, Высокае. Таксама робячы, такім чынам, унёсак у эканоміку рэгіёна.

Але хто б мог падумаць, што зусім побач заплануюць пабудову гіганцкага свінакомплексу на сто тысяч галоў у год. Жыхары Валожыншчыны не асабліва непакоіліся – гэта ж Маладзечанскі раён. Аднак як выявілася, будучы свінакомплекс мусіць паўстаць на мяжы з Валожынскім раёнам. І бліжэйшыя вёскі Рудзеўшчына і Высокае знаходзяцца ў менш як кіламетры ад меркаванай фермы. А ў пяцікіламетровую зону ўваходзяць дзясяткі вёсак. У тым ліку – хутар Шаблі і цэнтр сельсавета – Гародзькі.

Па іроніі лёсу фестывалі пад назвай “Вольнае паветра” рызыкуюць набыць зусім іншы водар – гною, а не кветак. І жыхары рэгіёна таксама будуць вымушаныя пакутаваць ад паху, забруджанай вады ды іншых наступстваў. Таму мы ініцыявалі збор подпісаў сярод мясцовага насельніцтва супраць будаўніцтва. На сёння сабралі больш за сто. А калі ўлічыць працэнтныя суадносіны колькасці насельніцтва, то гэта вельмі вялікая лічба.

Не трэба лічыць, што толькі ў горадзе жывуць людзі і толькі маладзечанцы маюць права змагацца за свае жаданні. Мы таксама людзі, і ў нас таксама ёсць мары: жыць на чыстым паветры, піць чыстую ваду.

Маладзечанскі райвыканкам: свінакомплекс ля Мойсічаў будаваць не будуць

Аднак падлікі спецыялістаў руйнуюць гэтыя мары. І нам нічога не застанецца, як прадаваць сваё жытло і з’язджаць у пошуках новага раю. Але хто купіць дом ля такога свінакомплексу? І хто нам дасць гарантыі, што на новым месцы гэта не паўторыцца?”

Саламея ГРЫНЬ.

Як жывецца каля 100-тысячнага свінакомплекса на Валожыншчыне: “Цяпер і паветра забралі!”

Інжынер-геолаг: свінакомплексы на Маладзечаншчыне могуць прывесці да забруджвання грунтовых водаў

Што гаварылі на грамадскім абмеркаванні: чаму людзі супраць свінакомплексаў

Эколаг бачыць хібы ў праектаванні свінакомплексу ў трох кіламетрах ад Маладзечна