Спачатку гаспадары купілі адзін дом, потым другі. Побач будуюць новае жыллё. Яны займаюцца арганічнай сельскай гаспадаркай. Гэта новы для Беларусі кірунак, аматары якога імкнуцца выкарыстоўваць прыродныя механізмы па максімуму. У красавіку Канстанцін прайшоў навучальныя курсы, удзельнічаў у розных трэнінгах на гэту тэму.
Маладыя людзі развіваюць агратурызм. Частуюць гасцей экалагічна чыстымі прысмакамі. Спецыяльна выбіралі дзейнасць, каб удваіх быць дома і даглядаць дзяцей.
Юлія і Канстанцін разам дзевяць год. Абодва захапляліся японскай анімацыяй, пазнаёміліся на тэматычным форуме. Праз два гады ажаніліся. Ён − інжынер-тэхнолаг, яна − настаўнік біялогіі і практычны псіхолаг.
− Мяне ва ўсёй гэтай непрыемнай гісторыі ўразіла, як на судзе заявілі: “Яна скрывала сваю адукацыю, не казала, што педагог!” Ніхто ж і не пытаўся.
Пра саму непрыемную гісторыю маладая сям’я распавяла “РГ”, каб даказаць, што за неадказнае выкананне службовых абавязкаў можна дамагчыся пакарання.
“Як нараджалі ўродаў, так і будзеце”
Старэйшаму сыну Вінакуравых, Артуру, пяць год. У яго дзіцячы цэрабральны параліч. Маладая пара доўга рашалася на другое дзіця. Аналізавалі, чаму ў хлопчыка магло развіцца захворванне. Кансультаваліся з дактарамі, самі чыталі. Вырашылі, што прычына ў трывожнасці падчас цяжарнасці.
Год таму Юлія рашылася зацяжараць. Жанчына імкнулася пазбягаць любых абставінаў, якія маглі б расстроіць ці прымусіць перажываць. І на ўлік па цяжарнасці стала пазней, чым раяць, на 24-м тыдні.
− А тут жа маленькі раён, як адна Малінаўка. Калі прыйшла пасля 12 тыдняў − значыць, алкашка. Медыкі пачалі казаць, што трэба абследавацца. Навошта мне класціся разам з хворымі, нервавацца? Я адмовілася. Тут адна з дактароў пачала: “Ды вы нараджалі ўродаў і нараджаць будзеце, ды як так можна, 18 дэкрэт жа ёсць!” І тут пачалі ездзіць адна камісія за другой. Спачатку прыязджалі медыкі. І ўсё гэта цягам цяжарнасці, падчас якой хацелі сядзець спакойна.
Сям’я Вінакурава займаецца арганічным земляробствам. Фота vk.com/pomiana.
Нямытая падлога – забяром дзяцей?
Чарговы раз камісія прыехала 11 чэрвеня, ужо пашыраная. Сярод удзельнікаў былі пажарны і прадстаўнік электрасетак. Яны пракаментавалі па сваёй спецыяльнасці стан дома.
Як заўважаюць гаспадары, людзі пры пагонах у любой з камісій паводзілі сябе годна, з імі было спакайней. А вось іншых удзельнікаў яны не запрашалі і лічаць, што ў дом зайшлі неправамерна.
Праз месяц муж і жонка атрымалі паведамленне, што Артура паставілі на ўлік непаўналетніх у сацыяльна-небяспечным становішчы (СНС). Хаця такое рашэнне прымаецца на савеце па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх у прысутнасці саміх бацькоў.
Канстанцін скардзіцца, што ніхто не мог патлумачыць, што ж трэба зрабіць, каб зняць дзіця з уліку:
− Павінны быць сур’ёзныя прычыны, каб прызнаць дзіця ў СНС. Наступны ж этап – калі дзяцей забіраюць з сям’і. І што значыць “антысанітарныя ўмовы пражывання”, як пра нас напісалі? Нямытая падлога? Раскіданыя рэчы? І што, за гэта дзяцей забіраць?
Як трымацца нормаў, якіх няма
І Юлія, і Канстанцін лічаць, што такую работу варта праводзіць з сем’ямі, дзе злоўжываюць алкаголем. Яны ж клапоцяцца пра сына, праходзяць рэабілітацыю, займаюцца дома і ў цэнтры карэкцыі і рэабілітацыі. Асноўныя прэтэнзіі да пары − не трымаюцца мінімальных санітарных нормаў і не працуюць. Канстанцін на гэта адказвае:
− Гэтых нормаў не існуе, і зразумець, што гэта, немагчыма. А вядзенне ўласнай гаспадаркі − таксама праца, якой можна зарабляць.
Падчас разбіральніцтва нарадзілася Вераніка, якая аўтаматычна таксама трапіла ў СНС. Як толькі Вінакуравы падалі ў суд, дзяцей знялі з уліку, а дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра пакаралі за тое, што бацькоў не было на савеце па прафілактыцы. Але маладых людзей клапоціць, як пасля гэтыя запісы адгукнуцца для іх і дзяцей. І наогул, чаму з недастатковымі падставамі і не па ўсіх правілах можна зрабіць такі сур’ёзны крок, як паставіць дзяцей у сацыяльна-небяспечнае становішча?
Яны хочуць большага – даказаць, што іх дзяцей беспадстаўна паставілі ў СНС. З такой скаргай звярнуліся ў Гродзенскі абласны суд.
На гаспадарцы Вінакуравых. Фота vk.com/pomiana.
Афіцыйны погляд
“Мы не можам быць абыякавамі, калі пакутуюць дзеці”
Сітуацыю ў сям’і Вінакуравых мы папрасілі ацаніць дырэктара Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ларысу Татарынаву:
− Рашэнне аб пастаноўцы на ўлік непаўналетняга, як прызнанага, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, не прымаецца спецыялістамі ўстановы адукацыі аднаасобна. Выпадак з Артурам Вінакуравым не быў выключэннем. Кампетэнтная камісія ў складзе педагогаў, медыкаў, міліцыі, прадстаўнікоў улады і камісіі па справах непаўналетніх пасля наведвання сям’і па месцы жыхарства адназначна выказала сваё меркаванне – прызнаць Артура, што той знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Сапраўды, на пасяджэнні савета па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, на якім прымалі рашэнне аб пастаноўцы на ўлік, бацькі непаўналетняга не прысутнічалі, гэта звязана са зменай кадраў у нашай установе. Я была пакараная за гэту памылку. Праца з сям’ёй вялася, згодна з індывідуальным планам абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетняга.
20 жніўня нам паведамілі, што Юлія Вінакурава-Лабунская нарадзіла другое дзіця і самавольна пакінула радзільню. Адразу ж наведалі сям’ю, каб праверыць жыллёвыя ўмовы нованароджанай Веранікі, з медыкамі, спецыялістам камісіі па справах непаўналетніх, міліцыяй, прадстаўнікамі ўлады.
Гаспадары дазволілі зайсці ў дом толькі медыцынскім работнікам. Спецыялісты паведамілі, што для нованароджанай не ў поўнай меры створаныя неабходныя ўмовы. У пакоі непрыбрана, усюды смецце і рэшткі ежы, Артуру таксама неабходна было лячэнне.
На пасяджэнні савета па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх нашай ўстановы прысутнічалі запрошаныя: намеснік старшыні райвыканкама, старшы памочнік пракурора, камісія і інспекцыя па справах непаўналетніх, медыкі, а таксама бацькі непаўналетніх. Рашэнне аб прызнанні непаўналетняй Веранікі Вінакуравай, што яна знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, было прынятае аднагалосна.
Пазней сітуацыя ў сям’і змянілася. Бацькі перасталі перашкаджаць візітам спецыялістаў, дазвалялі ўвайсці ў дом, выслухоўвалі рэкамендацыі. Яны навялі і стараліся падтрымліваць парадак у доме. Рэгулярна наведвалі заняткі з Артурам, рэгулярна прывозілі на агляд Вераніку да медыкаў, таму дзеці былі знятыя з уліку.
Вінакуравы звярталіся ў суд нашага раёна, які прызнаў рашэнні аб пастаноўцы іх непаўналетніх дзяцей на ўлік, таму што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, правамернымі. Дакументы пра тое, што дзеці Вінакуравых былі на ўліку, застаюцца толькі ва ўнутраным карыстанні. Безумоўна, мы не можам цалкам забыць пра сям’ю, будзем і далей назіраць за сітуацыяй у ёй.
Яшчэ раз падкрэслю, што пытанне аб прызнанні таго, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, вырашаецца не на падставе меркавання каго-небудзь, а згодна з крытэрыямі і паказчыкамі сацыяльна небяспечнага становішча.
Мы заўсёды кіруемся ў працы Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.
У любым выпадку бяспеку дзіцяці мы заўсёды ставім на першае месца. Няможна быць абыякавымі і безудзельнымі, калі пакутуе дзіця. Мы рэагуем нават на ананімныя званкі, калі паведамляюць пра пагрозу для дзяцей, але пры гэтым мы мусім быць уважлівымі ў кожным выпадку і кіравацца нарматыўнымі дакументамі.