У чацвер, 11 снежня, маладзечанскія “зубры” прымалі гасцей з Наваполацка.

Фотагалерэя месціцца справа зверху. Каб павялічыць фотаздымак, націсніце на яго.

Паядынак супраць наваполацкай каманды насіў для “зуброў” прынцыповае значэнне. Змагалися за шосты радок турнірнай табліцы.

З першых хвілін сустрэчы дынамаўцы завалодалі ініцыятывай і большую частку першага перыяду правялі ў зоне гасцей.

Аднак выніку ў першым перыядзе гэта не прынесла.

Наадварот, гульцы “Хіміка” скарысталіся момантам і накіравалі шайбу ў вароты маладзечанскага варатара Міхаіла Карнаўхава. Дарэчы, для Міхаіла гэта першая гульня ў складзе “Дынама-Маладзечна”.

Гэта шайба была адзінай у першым перыядзе. У пачатку другога перыяду склалася адчуванне, што госці з Наваполацка гульню сваю палепшылі. Дадалі тэмп. Аднак, бліжэй да сярэдзіны матчу маладзечанцы закідваюць сваю першую шайбу ў вароты саперніка. Аўтар закінутай шайбы – Аляксандр Паўловіч.

Барацьба сапернікаў, за якой назіралі гледачы ў трэцім перыядзе, дала свае вынікі толькі за пару хвілін да заканчэння матча. Госці маладзечанцаў змянілі лік на сваю карысць. Але радаваліся нядоўга. Амаль адразу маладзечанцы адказалі дакдадным ударам па варотах. Ізноў раўнавагу ўсталяваў Аляксандр Паўловіч.

Авертайм таксама пераможцу не выявіў. Толькі ў серыі пасляматчавых булітаў маладзечанцы ўсё ж вырвалі перамогу з фінальным лікам 3:2.

На гульні супраць “Хіміка” прысутнічалі і пераможцы віктарыны, якую сумесна зладзілі ХК “Дынама-Маладзечна” і “Рэгіянальная газета”.

Пераможца віктарыны Уладзімір Палуха прызнаўся, што ён амаль не прапускае хатнія матчы сваёй каманды. І на гульню з “Хімікам” узяў з сабой сваю маму Валянціну Уладзіміраўну, якая таксама ўжо стала прыхільніцай і хакея, і каманды “Дынама-Маладзечна”.