Ён распавядае, што дапамагае вытрымаць дыстанцыю ў 42 кіламетры, якую прабег яе за 3 гадзіны 19 хвілін і 23 секунды.

У выхадныя, 13 і 14 снежня, Маладзечна прымала Міжнародныя спаборніцтвы па бегу. Забегі на 5, 42 і 100 кіламетраў ішлі ў лёгкаатлетычным манежы дзіцячай юнацкай спартыўнай школы №3. Удзел бралі беларусы, расіяне, украінцы і нават эстонец.

– У мяне былі два асноўныя сапернікі – Валодзя Калінкоў з Гомеля і Міхаіл Кажан з Полацка, – кажа пераможца Васіль Лябецкі. – Міхаіл быў некалі мацнейшы за мяне. А тут прайграў 11 хвілін. Калінкоў бег першы, але пасля яго абагнаў і ў выніку выйграў кіламетр.

Філасофія бегу, на думку спадара Васіля, такая:

– Палову дыстанцыі прабег, пасля можна паскарацца, бо значыць, што дабяжыш стопудова, – адзначае ён. – Да 35 кіламетра бяжыш з жартачкамі, так бы мовіць. Але недзе пасля 36 кіламетра пачынаецца фільм жахаў. І дабягаеш сцяўшы зубы.

Вельмі важна, каб падчас забегу быў хтосьці побач, хто будзе падаваць ваду, ежу. Бо без гэтага прабегчы такую доўгую дыстанцыю проста немагчыма – арганізм можа не вытрымаць. Занадта шмат вадкасці губляе цела.

Спадару Васілю на дыстанцыі дапамагаў старэйшы сын Віталь. Карміў бананамі, паіў.

Звычайна спартсмены ядуць і п’юць на хаду. Хтосьці можа спыніцца на некалькі секунд, зрабіць глыток і бегчы далей.

На такіх спаборніцтвах увогуле прадугледжаны агульны стол, да якога кожны можа падбегчы, штосьці перахапіць і рушыць далей.

– Каб удзельнічаць у такіх забегах, трэба шмат трэніравацца, – зазначае пераможца. – Падчас спаборніцтваў некаторыя сыходзілі з дыстанцыі, некаторых бралі сутаргі, хтосьці масіраваў ногі.

Васіль Лябецкі лічыць, што, каб заставацца ў форме, трэба ў тыдзень агулам прабягаць 70-100 кіламетраў.

Ён узяў за звычку ў выхадны дзень прабягаць 35 кіламетраў за раз. А наступны дзень бяжыць 15. Каб агулам атрымлівалася 45.

Так яму ўдаецца прыносіць новыя медалі ў сваю калекцыю.

65-гадовы маладзечанец Васіль Лябецкі два разы абабег зямны шар