Як звычайныя папяровыя цацкі ператварыць у чароўныя і нашаптаць ім сваё навагодняе жаданне, ведаюць у сацыяльна-педагагічным цэнтры.

Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Каб павялічыць фотаздымак, націсніце на яго.

11 снежня ў прытулак завіталі выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Народныя крыніцы”, што працуе ў цэнтры творчасці дзяцей “Маладзік”.

Пяцёра выхаванак студыі Дар’я Станкевіч, Каця Галаўко, Каця Рудая, Аліна Жогаль і Ганна Каханоў­ская разам з кіраўніком Вольгай Маславай завіталі ў госці да дзяцей не з пустымі рукамі. Але акрамя пачастункаў прынеслі з сабой паперу, нажніцы і клей.

– Мне дзяўчаты, што займаюцца ў студыі,самі прапанавалі схадзіць да дзетак у прытулак. – кажа Вольга Маслава. Ім самім цікава не проста нешта зрабіць сваімі рукамі, а і навучыць іншых рабіць гэта.

Каб пазнаёміць дзетак з папяровай творчасцю, выбралі фігуру анёла.

– Вядома, гэты выбар быў невыпадковы, – працягвае Вольга Юр’еўна. – Анёл – гэта калядны сімвал дабрыні і веры ў лепшае. Анёл – гэта абярэг.

Над стварэннем свайго навагодняга дзіва працавалі і 6-гадовая Віка, і 5-гадовая таксама Віка, і нават Андрэйка, якому толькі нядаўна споўнілася 3 гады і 9 месяцаў.

Маленькія Андрэйкавы ручкі ўпэўнена трымаюць нажніцы пад кіраўніцтвам Каці Галаўко:

– Мне не прывыкаць дапамагаць і тлумачыць малодшым. У мяне самой ёсць брацік, якому няма яшчэ і трох гадоў. А з Андрэйкам працаваць лёгка. Ён вельмі паслухмяны.

Андрэй працуе над сваім анёлам. Увесь час нешта каментуе і захапляецца тым, што ў яго атрымоўваецца!

– Дзіўна, але калі Андрэй прыйшоў да нас у ліпені гэтага года, – кажа намесніца дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маладзечанскага раёна Таццяна Шчэбет, – ён не гаварыў ні слова. Не, гаварыць ён умеў, але ўвесь час маўчаў. А цяпер балбоча толькі так.

Андрэй у прытулку знаходзіцца разам са старэйшымі сястрычкамі: Светай і Вікай.

– Дзеці тут амаль не гавораць пра сваіх бацькоў. Хочацца верыць, што нашых дзетак усё ж такі забяруць дадому на навагоднія святы. А пакуль мы рыхтуемся да святаў разам.

У лістах да Дзеда Мароза дзеці нічога завоблачнага не просяць

Напярэдадні Новага года гасцей у цэнтры бывае шмат. Многія нясуць цукеркі і падарункі. Акрамя таго, дзеткі прымаюць удзел у навагодняй акцыі. Разам з выхавальнікамі кожнае дзіця намалявала шышку, да яе прыклеіла свой фотаздымак, а на адваротным баку напісала сваю просьбу да Дзеда Мароза.

Усе жаданні дзяцей абсалютна рэальныя. Ніхто не папрасіў ні планшэта, ні мабільнага тэлефона. У асноўным, просяць цацкі. Віка папрасіла набор дзіцячай касметыкі.

– Віка, нашто табе касметыка, ты і так прыгожая, – кажу Вікторыі.

– Каб быць яшчэ прыгажэйшай!

А між тым, праца над анёлам паціху заканчваецца. Застаюцца апошнія штрыхі.

Клей перавернуты на стале, абрэзкі паперкі паўсюль, раскіданыя алоўкі, але ўсе задаволеныя. Анёлы атрымаліся прыгожымі.

– А мне дзяўчынка сказала, што калі нашаптаць жаданне анёлу, яно споўніцца, – прызнаецца мне выхаванец прытулку Коля. – Свайго анёла я павешу над ложкам.

Начальнік РАУС папрасіў шышку з жаданнем

Акцыя, пра якую гаварыла Таццяна Шчэбет, сёлета мае назву “Падары радасць дзецям”.

Яна ўзяла старт 13 снежня ў гандлёвым цэнтры “Спадарожнік”.

У акцыі прымаюць ­удзел дзеткі з сацыяльна-педагагічнага цэнтра, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама Радашкавіцкай школы-інтэрната.

– У першы дзень акцыі, – распавядае вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Аксана Курчына, – разабралі ўсе шышкі, што рабілі дзеткі з сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

У гэтыя выхадныя, 20-21 снежня, ёлка працягне працаваць. Прыйсці ў гандлёвы цэнтр можна ад 10 да 15 гадзін і падарыць радасць дзіцяці. Казачныя персанажы, што працуюць тут, распавядуць падрабязна, што трэба зрабіць, каб ваш падарунак знайшоў свайго ўладальніка.

– Ці актыўна маладзечанцы прымаюць удзел у акцыі?

– Пра гэта і сведчыць тое, што ў першы дзень разабралі шмат шарыкаў і шышак, што рабілі дзеці. Акрамя таго, у акцыі актыўна прымаюць удзел і арганізацыі горада: “Энерганагляд”, ДАІ, РАУС.

– А начальнік міліцыі Валянцін Асіповіч папрасіў асабіста яму пакінуць шышку ці шарык, каб самому падарыць казку камусьці з дзяцей, – падсумавала Аксана Курчына.