Жыхара вёскі Сідаравічы сёлета судзілі за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Атрымаў ён тры месяцы арышту.

Прыцягваўся 48-гадовы вясковец таксама да адміністрацыйнага арышту – апошні раз у лістападзе.

Аднак сумны досвед яго не навучыў. Цяпер у адносінах да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу за пагрозу забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэнне маёмасці.

Пачалося  гісторыя з таго, што да яго дамоў прыйшлі суседзі. Хацелі даведацца, ці браў той у іх сякеру. Мужчыны дома не было – якраз адбываў пакаранне. А сын сякеры не знайшоў.

Бацька вярнуўся дадому. Сын 10 снежня расказаў яму пра наведванне суседзяў.  

– Мужчына чамусьці палічыў, што яго абвінавацілі ў крадзяжы. Выпіў, вырашыў ісці разбірацца і стаў тачыць нож, – расказаў намеснік начальніка Мядзельскага райаддзела Следчага камітэта Беларусі Міхаіл Сакалдынскі.

Сын паспеў папярэдзіць суседзяў, каб не адчынялі дзверы. Гаспадар дома і яго знаёмы з  Вілейшчыны зачыніліся ў доме. Аднак вясковец дастаў фанеру з веранды, пранік у дом. Стаў грукаць у дзверы, пагражаць расправай. Гаспадар спалохаўся, што зламае дзверы, і ўпусціў мужчыну.

Той пачаў штурхацца з віляйчанінам, яны ўпалі. Нязваны госць аказаўся зверху і замахнуўся нажом.

Але гаспадар дома схапіў яго за руку. Разам са знаёмым яны ўтрымалі буйнага суседа да прыезду міліцыі.  

Мужчына можа быць пакараны  штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў.