У верасні брат пасля сумеснага распівання спіртных напояў ударыў сястру бутэлькай па галаве чатыры разы.

Гэта не адзіны прыклад сямейнага гвалту. Вясной гэтага года сын, пасварыўшыся з бацькам, ударыў яго нажом у грудзі.

Усяго за 2014 год на тэрыторыі Маладзечанскага раёна зарэгістравана восем злачынстваў, якія адбыліся ў сем’ях.

Як атрымоўваецца так, што дамашнія кухні становяцца арэнай жорсткіх сутычак?

Праведзены аналіз паказвае, што галоўнай прычынай забойстваў застаецца злоўжыванне спіртнымі напоямі. Акрамя гэтага, патэнцыйныя забойцы, як правіла, нідзе не працуюць.

Штодзень у аператыў­на-дзяжурную службу паступаюць шматлікія выклікі на сямейныя сваркі. Гэта толькі нязначная верхавіна айсберга.

Колькі людзей баяцца звяртацца па дапамогу, засцерагаючыся ад яшчэ большай агрэсіі?

Самае страшнае ў такіх сямейных сварках – гэта лёс дзяцей. Яны змалку чуюць і бачаць сваркі і злосць, самі церпяць крыўдныя словы ці нават пабоі.

Маўчанне – гэта не выйсце з сітуацыі. Пераканаўшыся ў беспакаранасці, дэбашыры становяцца больш нахабнымі.

Калі вам стала вядома пра тое, што ў сям’і ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, члены сям’і ўжываюць спіртныя напоі, дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, Маладзечанскі РАУС просіць паведаміць гэту інфармацыю па тэлефонах “гарачай лініі”:

102, 77-16-56 (кругласутачна), 77-14-88, 77-44-11 (у працоўныя дні ад 9:00 да 18:00).