Вілейскі дзяржаўны каледж. Так ад 15 снежня называецца колішні Вілейскі прафесійна-тэхнічны каледж.

І гэта не фармальная змена шыльды, даводзіць дырэктар установы Ігар Кіцікаў:

 – Цяпер выпускнікі 9-х і 11-х класаў могуць атрымаць адразу сярэднюю спецыяльную адукацыю, прафесію тэхніка-электрыка і аўтамеханіка. Дагэтуль у нас рыхтавалі такіх спецыялістаў на базе прафтэхадукацыі. Гэта значыць, адразу  ахвотныя павінны былі адвучыцца на пэўных спецыяльнасцях у каледжы, і толькі потым авалодваць прафесіямі тэхніка-электрыка і аўтамеханіка.

 Таму раней выпускнікі з’язджалі вучыцца на гэтыя спецыяльнасці ў Маладзечна і Мінск. Па заканчэнні вучобы большасць, як правіла, на малую радзіму не вярталася.

 – Арганізацыі і гаспадаркі Вілейшчыны і Мядзельшчыны адчуваюць дэфіцыт  тэхнікаў-механікаў і тэхнікаў-электрыкаў. Мы закрыем гэту патрэбнасць з атрыманнем новага статуса. Ёсць планы па адкрыцці іншых спецыяльнасцяў, але пакуль гэта сакрэт, – захоўвае таямніцу Ігар Кіцікаў.