Паказчыкі прыпісвалі, а былы кіраўнік без падставы жыў у службовым доме і ездзіў на службовай машыне.

Камітэт дзяржкантролю знайшоў парушэнні ў таварыстве “Мядзелаграсэрвіс”.

Большасць знойдзеных недахопаў узнікла праз неэфектыўнае кіраванне. Сярод праблем: парушэнні ў вядзенні бухгалтарскага ўліку, працоўнага заканадаўства, скажэнне статыстыкі, недаатрыманне прадукцыі.

Паказчыкі ў галіне раслінаводства сярод найгоршых у Мядзельскім раёне.

Дзеля выпраўлення сітуацыі на паперы, службовыя асобы вырашылі прыпісваць вынікі.

Каб павысіць ура­джайнасць, таварыства перавяло 230 гектараў аднагадовых культур, якія ідуць на кармавыя патрэбы, у лік збожжавых.

Такім чынам, па паперах ураджайнасць атрымалася завышаная, 5,1 цэнтнера з гектара. Статыстычны паказчык далі са скажэннем.

Травяністых кармоў нарыхтавалі значна менш, чым летась. Правяраючыя лічаць, што для таварыства стаіць задача не атрымаць як мага больш прадукцыі, а хаця б выжыць.

Пры гэтым былое кіраўніцтва таварыства больш клапацілася пра вырашэнне асабістых праблем, адкладваючы пытанні вытворчасці на потым.

Напрыклад, былы дырэктар таварыства жыў у службовым доме, не маючы на гэта падстаў. І забываў плаціць за энергію. Запазычанасць сабралася на мільён рублёў.

Ён жа выкарыстоўваў легкавую машыну, што прынесла 18 мільёнаў рублёў страт таварыству.

Навучыўшыся ад кіраўніка, спецыялісты незаконна налічылі сабе больш за 20 мільёнаў рублёў зарплаты.

Матэрыялы праверкі перадалі ў праваахоўныя органы.