Новы год ­– адно з важных святаў для людзей. Аднак часта замест святочнага настрою чалавек набывае хранічную стомленасць, раздражнёнасць, лічыць псіхолаг Таццяна Жданава.

Яна патлумачыла і прычыны, па якіх можа ўзнікнуць стомленасць і раздражнёнасць перад святамі.

Не загадвайце таго, што не споўніцца

– Па-першае, гэта пераднавагодні аўрал на рабоце, – заўважае псіхолаг. – Таму загадзя размяркуйце, што варта зрабіць у першую чаргу. Не кідайцеся са справы на справу. Таксама турботы, звязаныя з арганізацыяй святочных мерапрыемстваў, выхад на работу пасля насычаных святочных дзён могуць забраць шмат сіл.

Перад навагоднімі святамі людзі чакаюць нечага казачнага. Аднак, калі фантазіі не апраўдваюцца, гэта прыводзіць да роспачы, незадаволенасці ўсім светам.

Падводзьце вынікі года так, каб не пасварыцца

– Некаторыя людзі стараюцца падвесці вынікі года, – расказвае Таццяна Жданава. – Аднак часам гэта прыводзіць да падліку памылак і выклікае незадаволенасць адзін адным. Лепш падумайце пра планы на наступны год. Абмяркуйце іх з блізкімі.

Каб сустрэць Новы год з добрым настроем, прытрымлівайцеся нескладаных правілаў.

– Вызначыцеся загадзя, з кім будзеце адзначаць свята, – раіць псіхолаг. – Пагаварыце пра вашы планы з усімі членамі сям’і. Адразу складзіце спіс таго, што трэба набыць. Калі гэта магчыма, размяркуйце пакупкі. Не пакідайце справы на апошні момант, разлічыце свае магчымасці, рабіце ўсё раўнамерна.

Перамаглі стрэс – адчуйце сябе пераможцам

Варта ўзгадаць радасці і ўдачы, якія адбыліся з вамі на працягу года. Запішыце іх на паперы. Часцей перачытвайце, гэта падыме настрой.

– На асобнай паперцы запішыце няўдачы і памылкі, якія здарыліся за год, – раіць Таццяна Жданава. – Аднясіцеся да іх па-філасофску: паразважайце, хто быў вінаваты, падумайце, што зрабіць, каб памылкі не паўтарыліся. Каб стала лягчэй, спіс пакамечце і выкіньце.

У пагоні за святочным настроем не забывайцеся на здароўе.

Смейцеся! Можна і істэрычна

Калі вам удалося справіцца са стрэсам, адчуйце сябе пераможцам: хадзіце з высока паднятай галавой, выпрастанай спінай. Не хвалюйцеся за тое, што думаюць іншыя.

– Часцей смейцеся над няўдачамі, – сцвярджае Таццяна Жданава, – Няхай некаторыя глядзяць на гэта як на істэрыку. Памятайце, смех – лепшы сродак ад няўдач, роспачы і злосці. Гэта лепшыя лекі ад галаўнога болю і стомленасці.

Не перажывайце, калі з падрыхтоўкай да свята нешта пайшло не па задуманаму. Навагодняя ноч асаблівая, але наперадзе яшчэ 365 дзён, і вы ўсё паспееце паправіць.