Лілі было 10 гадоў. Сёлета ў маі ў яе знайшлі ракавую пухліну мозга, якая не падлягала аперацыі. 

Дактары прадбачылі, што дзяўчынка не дажыве да Раства. На жаль, яны не памыліліся. Лілі памерла ў лістападзе. А ў перадкалядныя дні родныя дзяўчынкі пачалі атрымліваць ад яе святочныя падарункі.

Да мая гэтага года Лілі-Мэй Макінстры з графства Эсэкс у Вялікабрытаніі была звычайнай усмешлівай дзяўчынкай, якая любіла розныя забавы. Але пачала слабець. Аказалася, што Лілі захварэла на незвычайна рэдкую форму пухліны галаўнога мозга. Пра гэта піша выданне “Дэйлі мэйл” (The Daily Mail).

Сям’я ўпала ў адчай

Пухліна аказалася непераможнай. Лілі прайшла радыетэрапію, якая не прынесла спадзяваных вынікаў. Меркаванне дактароў было адназначным – Лілі памрэ яшчэ перад Раством. На жаль, аказалася, што мелі рацыю. Дзяўчынка памерла ў лістападзе.

Бацькі Лілі Эндру і Вікі і яе старэйшы брат Ітан былі ў роспачы. Але ў апошнія дні яны зразумелі, якой выключнай асобай была іхняя дачушка і сястра. Дзяўчынка спадзявалася, што дажыве да Раства. Патаемна скарыстаўшыся крэдытнай карткай свайго таты, заказала для блізкіх падарункі.

Невядома, колькі яшчэ будзе пасылак

Нядаўна ў дом сям’і Макінстры пачалі прыходзіць пасылкі – Лілі купіла ўсім касыначкі-банданы ў іх любімых колерах. Заказала некалькі кніжак, а свайму брату купіла касцюм кураняці. Невядома, ці гэта ўсе прэзенты, якія заказала дзяўчынка.

Бацькам Лілі “пазычка” іх крэдытнай карты не хвалюе:

– Як мы можам злаваць на нашу маленькую дачушку? Яна была такой разумнай. Гэта цудоў­на бачыць падарункі, якія яна заказала для нас, – кажуць яны.

Дадаюць, што дзяўчынка заўсёды думала пра дабро для іншых людзей. У яе пакоі ўжо пасля яе смерці знайшлі запіску, дзе яна напісала, што калі памрэ, каб яе любімы айпад забраў сабе яе брат, камп’ютар аддае тату, манекен, які стаіць у яе пакоі, – маме, а адзенне – бедным дзеткам.

Лілі з братам. Фота Facebooc.com.

Лілі з братам. Фота Facebooc.com.

Бурмістр Лондана напісаў да Лілі

Лілі ўжо пасля таго, як знайшлі ў яе хваробу, склала таксама спіс сваіх мараў. Аказаліся там тыповыя для 10-гадовай дзяўчынкі жаданні, як, напрыклад, сустрэча з любімымі зоркамі, але і цалкам дарослыя мары, каб усе станцыі метро ў Лондане былі лёгка дасяжнымі для людзей на інвалідных калясках.

У спецыяльным лісце Лілі адказаў бурмістр Лондана Барыс Джонсан. Тлумачыў, што метро не поўнасцю прыстасаванае для патрэб інвалідаў, бо многія лініі старыя. Дадаў, што горад робіць усё, каб людзі, якія перамяшчаюцца на калясках, маглі адчуваць сябе ў метро як мага камфортней. Запэўніў, што новыя станцыі падземкі робяцца прыстасаванымі для іх.

Дзяўчынцы таксама атрымалася спаткацца з членамі групы One Direction, а выказванні падтрымкі ў відэафільме ёй прыслаў брытанскі спявак Олі Мурс.