Напярэдадні святаў удзельнікі клуба маладых адкрывальнікаў (КМА) СШ №5 рабілі доследы разам з дзецьмі з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

– Мы вельмі хваляваліся, як будзем паказваць доследы, трэба ж было тлумачыць, што адбываецца, як і чаму, – распавядае настаўніца СШ№5 і адначасова выкладчыца ў клубе Алена Парахня. – Але прайшло добра. Дзеці з цэнтра глядзелі на гэта, як на шоу. Потым самі спрабавалі рабіць. І ў іх усё атрымоўвалася! Яны былі такія радасныя, пляскалі адзін аднаму, падтрымлівалі. Некаторыя спрабавалі самі тлумачыць прынцыпы, на якіх доследы заснаваныя. І добра тлумачылі! Дзеці вельмі цікавыя. Нашы ж вучні былі задаволеныя, што выступілі ў ролі эксперыментатараў. Дослед цудоўны!

Маладзечанская СШ №5 – адна з дзвюх школ у рэгіёне, дзе існуе клуб маладых адкрывальнікаў. Яшчэ адзін клуб працуе ў Хажове.

Калі ўдзельнікі клуба маладых адкрывальнікаў выбіралі, з якімі доследамі ісці да дзяцей, стаўку рабілі на відовішчнасць. Пяцёра вучняў размеркавалі паміж сабой, хто які паказвае і тлумачыць. Падчас сустрэчы, калі ў гэтым ўзнікалі складанасці, дапамагала настаўніца фізікі і таксама выкладчыца ў клубе Людміла Гумянюк.

Доследы з сурвэткай, шарам і келіхам

Як заўважае Алена Парахня, для доследаў часам дастаткова самай простай рэчы.

– Эксперыменты не патрабуюць дарагога абсталявання, – кажа яна. – Бутэлькі, саломка, шары. Штосьці простае прыношу з дома. Вечна, як на КМА, дык з кладоўкі ўсё павыцягваю. Дзецям эксперыменты падабаюцца. Потым прыходзяць дамоў і паказваюць бацькам, братам ды сёстрам.

Як заўважае Алена Парахня, у клубе могуць займацца дзеці любога ўзросту. І старшакласнікі таксама. Аднак самыя актыўныя – 5-я, 6-я і 7-я класы. Доследы можна нават у праграму дадаваць, як такі, калі робяць цукеркавую ДНК.

Да прыкладу, сурвэткі. Дзеці разбіраліся, чаму сурвэтка застаецца сухой пад вадой.

Фота Алены Парахні.

Фота Алены Парахні.

І хлопчык з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання сказаў, як так атрымліваецца. Бо там ёсць паветра.

Паказалі дослед з келіхам.

– Мы запыталіся ў дзетак, ці спяваюць келіхі? Яны адказалі, што не. А мы ім кажам: у нас спяваюць. І мы пальчык мачылі і вадзілі па крузе. Атрымліваецца гук, – усміхаецца спадарыня Алена.

Далей высвятлялі, як стаць на шарык, каб ён не лопнуў.

– На адзін станеш – лопне. А калі размеркаваць ціск па большай плоскасці, на два шары, то не лопне.

Альбо яшчэ адзін з шарам. Пратыкалі яго так, каб шар не лопнуў.

Самы відовішчны дослед

За тры гады існавання клуба доследаў ужо рабілі столькі, што цяпер узнікаюць складанасці з выдумкай новых. Добра, штогод удзельнікі клуба збіраюцца на агульны форум, дзе абмяркоўваюць сваю працу і досвед. Тут яны пераймаюць ідэі адзін у аднаго.

Сёлета, да прыкладу, клубу параілі пачаць дзяліцца сваімі эксперыментамі з іншымі. Каб дзеці самі прэзентавалі сваю працу і навуку. Вось і акцыя з дзецьмі з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі нарадзілася пасля такой прапановы.

– Памятаю, прыехала з аднаго трэнінга, тады сустракала дачка, – прыгадвае Алена Мікалаеўна, – я нават сумкі не распакоўвала,  адразу ёй: “Саша, ідзі сюды”. І павяла паказваць дослед. Крухмал у пэўнай канцэнтрацыі можа быць цвёрдым і вадкім целам адначасова. Гэта называецца “неньютанаўская вадкасць”. Крухмал разводзяць з вадой да кансістэнцыі густой смятаны. Калі ў міску палец апусціш, ён патоне. Калі кулаком стукнеш – як аб сцяну.

Тлумачэнне гэтаму вельмі простае. Крухмал – палімер. Ён складаецца з доўгіх малекул. Калі ў ва­дзе яго размяшаць, малекулы пераблытваюцца. Калі мы штосьці павольна апускаем, яны расходзяцца. Калі рэзка – не паспяваюць разысціся.

Настаўнікі і вучні ў клубе на роўных

Ідэя стварыць такія клубы нарадзілася ў Цэнтры Каперніка ў Варшаве. Праект патрэбны для пашырэння асветы і каб дзецям было не сумна вывучаць прыродазнаўчыя навукі.

– У нас на занятках дослед не можа не атрымацца, – кажа Алена Парахня. – Калі не атрымалася так, як задумвалася, гэта не значыць, што не атрымалася. Трэба падумаць, як і што змяніць, чаму так адбылося. Трэба аналіз. Мы ўсё дазваляем і раім спрабаваць штосьці мяняць, рабіць па-рознаму. У клубе мы дзецям не настаўнікі. Звычайнаму настаўніку складана сказаць, што ён чагосьці не ведае. А мы гаворым: “Я не ведаю, давай разам падумаем, паспрабуем,  пашукаем у інтэрнэце”. Галоўнае, паставіць пытанне. А  як дзеці знойдуць адказ: ці разам з намі, ці самі – не важна. Наша задача – абудзіць цікаўнасць.

Для чаго гэта трэба? Каб дзеці самі даходзілі да фізічных законаў. Фізіка – навука сухая. А калі фізіку, біялогію, хімію вучыць праз эксперыменты, навука ажывае.