Гэткія загалоўкі ў інтэрнэце прымусілі пацікавіцца: якая сітуацыя на Нарачы, дзе расіяне складаюць большую частку адпачывальнікаў на Новы год?

Аплацілі загадзя – не страшная і дэвальвацыя

Расіяне не адмаўляюцца ад адпачынку аб’ектах Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Сярод іх – гасцінічны комплекс “Нарач” у цэнтры курортнага пасёлка.

–  Практычна ўсе туры расіяне аплацілі загадзя – у кастрычніку-лістападзе, – расказала начальнік аддзела турызму Людміла Краўчонак. – Так што адмоў ад іх не было – хіба што па ўважлівых прычынах, як і заўсёды.

Ад снежня ў прэйскуранце гасцінічнага комплексу не засталося цэн у расійскіх рублях. Толькі у беларускіх, доларах і еўра.

У санаторыі `Прыазёрны`. Фота naroch.by

У санаторыі `Прыазёрны`. Фота naroch.by

У найбуйнейшым на курорце санаторыі “Прыазёрны” таксама адмоў ад навагодніх тураў няма.

– Усё, як і летась. Браніравалі і аплачвалі туры турысты загадзя. Усе навагоднія туры прадалі да пачатку лістапада, – кажа начальнік аддзела маркетынгу здраўніцы Сяргей Нехвядовіч.

У санаторыі засталіся цэны ў расійскіх рублях. У сувязі з падзеннем расійскай валюты іх павысілі: ніхто ж у страты працаваць не будзе. Але пры гэтым улічвалі магчымасці турыстаў.

Продажам навагодніх тураў на Нарачы ў многім паспрыяла тое, што расіяне аплачвалі іх загадзя, до большага падзення расійскага рубля. А якія ж перспектывы на будучыню?

– Пакуль прагназаваць цяжка. Але расіяне па-ранейшым браніруюць нумары – на люты, на сакавік. Бо адпачынак у Турцыі і Егіпце для іх яшчэ больш падаражэў, чым у нас, – адказвае Сяргей. – Да таго ж, для многіх важна, што мы прапануем не толькі адпачынак, але і якаснае лячэнне.

Хто знізіў цану – злавіў кліента

У аграсядзібах Мядзельскага раёна сітуацыя горшая. Каб завабіць кліентаў, многім з гаспадароў давялося зніжаць цэны:

– Той, хто своечасова з’арыентаваўся, скінуў цану – той здаў сядзібу на Новы год, – расказвае старшыня грамадскага Савета аграсядзіб Мядзельскага раёна Наталля Баран. –  Нехта не зніжаў цану, чакаў, мо ў снежні Расія адновіцца ад крызісу, людзі вырашаць, што Новы год – гэта Новы год, трэба ехаць адпачываць. Гэтага не атрымалася. Курс яшчэ ўпаў, людзям яшчэ больш стала не да свята. Таму многія гаспадары на Новы год будуць без кліентаў.

Цікавасць да адпачынку на аграсядзібах з боку расіян упала значна, дзеліцца Наталля:

– Летась было столькі электронных лістоў, тэлефанаванняў! А зараз – адзінкавыя выпадкі, калі нехта патэлефануе, распытае.

 Даводзіць Наталля, што цэны для расіян на адпачынак на аграсядзібах сталі “кусацца”:

–  На мінулы Новы год сярэдняга ўзроўню сядзіба ў Беларусі з 31 снежня па 1 студзеня ці на раніцу 2 студзеня каштавала 500-700 долараў. Сёлета ў пераліку на расійскія рублі гэта атрымліваецца амаль удвая больш. Той, хто і хацеў бы прыехаць, імкнецца знайсці такую самую цану ў расійскіх рублях, як і летась.

Як па Беларусі?

Старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова пацвердзіла ў інтэрв’ю tut.by, што ў гэтым навагоднім сезоне гаспадарам сядзіб расіяне тэлефануюць менш, чым у мінулым годзе.

–  Летась з нагоды Новага года ў гаспадароў сядзіб было па 20-30 званкоў ад расіян, прасілі нават у чаргу запісаць. У гэтым годзе проста ўсё больш спакойна, – расказала яна.