Ладзілі яго ў суботу, 27 снежня. Ахвотныя беглі ў навагодніх касцюмах ды шапках Дзядоў Марозаў.

Ад Маладзечна на святочныя спаборніцтвы паехалі сямёра ўдзельнікаў клуба аматараў бегу “Рэгіён”. Агулам у забегу бралі ўдзел 115 чалавек. Беглі два кругі па шэсць кіламетраў.

– Надвор’е было сонечнае, але 9 градусаў марозу. Аднак праз два кіламетры сагрэліся. Беглі і Матылькі, і Снягурачкі. Я быў без касцюма. Мабыць, таму і заняў не першае, а другое месца, – жартуе бягун з Маладзечна Васіль Лябецкі.

Другое месца спадар Васіль узяў ва ўзроставай катэгорыі ад 60 да 69 гадоў. Ён прабег 12 кіламетраў за 48 хвілін і 47 секунд.

Смаргонец Валодзя Чырыца стаў першым у катэгорыі 40-49 гадоў. Прабег тую ж дыстанцыю за 43 хвіліны 13 секунд.

У катэгорыі хлопцаў да 18 гадоў Філіп Нехвядовіч стаў другім. Ён прабег за 41 хвіліну і 30 секунд.

А сярод дзяўчат да 18 гадоў Алена Траццякова стала першай. Яе вынік – 48 хвілін 58 секунд.

Як зазначае Васіль Лябецкі, свой план на год ён амаль выканаў. Хацеў набегчы за 2014 год 3000 кіламетраў. Набег 2910 кіламетраў. За год паўдзельнічаў у 13 забегах. У іх узяў два трэція месцы, два другія, а астатнія – першыя.

Прабег 211 кругоў па манежы і фінішаваў першым 65-гадовы маладзечанец Васіль Лябецкі

65-гадовы маладзечанец Васіль Лябецкі два разы абабег зямны шар