У Вілейцы 27 снежня адбыўся раённы конкурс-шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак.

Удзельнічалі ў ім 12 камандаў з прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў адукацыі Вілейшчыны. У складзе іх былі не толькі Дзяды Марозы і Снягуркі, але і іх світа.

Навагоднія персанажы прайшліся шэсцем па галоўных вуліцах горада. На цэнтральнай плошчы адбыўся конкурс. Каманды паказалі візітоўку, павіншавалі з Новым Годам, паўдзельнічалі ў гульнявым конкурсе.

– Выступленні адзначаліся творчым падыходам. І Дзяды Марозы былі разнастайныя, – падзялілася намеснік дырэктара Вілейскага Палаца культуры Вольга Шляпо.

Перамаглі ў раённым конкурсе прадстаўнікі сярэдняй школы №5 горада.

На другім месцы – навагоднія персанажы з Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, на трэцім – з Любанскага сельвыканкама.