Мясцовы футбольны клуб сёлета выступіў у чэмпіянаце другой лігі “юбілейны” дзясяты раз. Табліца ў дадзеным артыкуле паказвае вынікі каманды за гэтыя гады.

Відавочна, што прайшоўшыя сезоны можна падзяліць на тры перыяды. Сумнымі, нецікавымі па дасягненнях былі і пачатковы перыяд, і заключны таксама. А вось паміж імі, на працягу 2008-2011 гадоў, балельшчыкі атрымалі сапраўдны прыток эмоцый.

Тады каманду ўзначальваў самы аўтарытэтны мясцовы спецыяліст Аляксандр Гармаза, які мае значны досвед працы як з юнакамі ў спартыўнай школе, так і з дарослымі калектывамі. Спачатку занялі восьмае месца, і яно было прыступкай да наступных поспехаў. Сезон 2009 года завяршылі на прызавым трэцім месцы. Потым яшчэ два гады запар на роўных змагаліся з усімі моцнымі сапернікамі і фінішыравалі на чацвёртых месцах.

Важна прыгадаць лепшых футбалістаў каманды ў тыя сезоны. Гэта людзі, якія ў свой час прайшлі нават вышэйшую лігу: паўабаронцы Сяргей Дараховіч, Віталь Макрыцкі, Дзмітры Вышынскі, абаронца Сяргей Дрозд. Гэта снайперы, якія забівалі каля дваццаці мячоў за сезон:Сяргей Космач, Аляксандр Працкевіч, той жа Дзмітры Вышынскі. Гэта юнакі, якія, атрымаўшы належную закалку, перайшлі на больш высокі ўзровень, у каманды першай лігі: паўабаронца Ігар Нарожнік, варатар Вячаслаў Камінскі, нападаючы Сяргей Корсак.

Год     Галоўны трэнер                 Месца                       Матчы

2005   Уладзімір Лук’яненка     дванаццатае                  26

2006   Руслан Лукін                  шаснаццатае                  32

2007   Руслан Лукін                  чатырнаццатае              30

2008   Аляксандр Гармаза        восьмае                          30   

2009   Аляксандр Гармаза        трэцяе                           26

2010   Аляксандр Гармаза        чацвёртае                     34

2011   Аляксандр Гармаза        чацвёртае                     30

2012   Аляксандр Гармаза        пятнаццатае                 36

2013   Дзяніс Мятліцкі               дзясятае                         24

2014   Дзмітры Ганчароў         шаснаццатае                 24

Што маем і чаго чакаць  

У Маладзечне выдатныя футбольныя традыцыі. Наша каманда выйгравала чэмпіянат БССР у 1963 годзе і ў 1991 годзе, станавілася ўладальніцай Кубка СССР сярод калектываў фізкультуры таксама ў 1991 годзе, нарэшце заняла чацвёртае месца ў вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі ў 1995 годзе.

У Маладзечне выдатны футбольны стадыён. Асноўная рэканструкцыя тут была праведзена ў дзевяностыя гады. Апошнім жа часам пэўныя сродкі ў наш стадыён укладвае рэспубліканская федэрацыя футбола для таго, каб два-тры тыдні на год выкарыстоўваць яго для правядзення афіцыйных і таварыскіх сустрэч з удзелам юнацкіх зборных краіны.

У Маладзечне выдатная футбольная школа. Яе выпускнікамі былі прадстаўнікі нацыянальнай зборнай Уладзімір Макоўскі, Уладзімір Карыцька, Андрэй Мілеўскі. Яшчэ некалькі гульцоў абаранялі колеры беларускай маладзёжнай зборнай. З выхаванцаў школы, якія ў розны час выступалі на ўзроўні вышэйшай лігі, можна саставіць два моцныя склады. І ўрэшце: з выхаванцаў школы апошніх выпускаў можна саставіць моцны склад для выступлення на ўзроўні другой лігі.

Студзень – гэта месяц, калі прымаюцца рашэнні на ўвесь новы футбольны год. Менавіта ў студзені складваецца стратэгія па фінансах клуба і камплектаванні складу.

Няма ніякай праблемы з тым, каб укамплектаваць склад добра падрыхтаванымі маладымі футбалістамі і некаторымі дасведчанымі “дзядзькамі” на дапамогу. Праблемай маладзечанскага футбола ўсе гэтыя дзесяць гадоў існавання ў другой лізе быў недахоп грашовых сродкаў, часта фінансаванне аказвалася зусім мізэрным.

Увогуле фінансаванне можа ажыццяўляцца з трох крыніц. Па-першае, бюджэтныя сродкі. Па-другое, сродкі нейкага буйнага прадпрыемства. Па-трэцяе, сродкі прыватных структур. Бюджэтныя сродкі не павінны быць вялікімі, яны патрэбны проста для таго, каб каманда існавала, выконвала сацыяльную функцыю, каб на стадыёне праводзіліся матчы. Сродкі буйнага прадпрыемства ўкладваюцца ў рэкламных мэтах, каб узняць прэстыж прадпрыемства, прадставіць яго на ўзроўні ўсёй краіны. Прыватныя сродкі, за якія можа існаваць каманда, паказваюць любоў да футбола з боку спадароў-бізнэсмэнаў. Прадпрымальнікі такім чынам могуць рэалізаваць сваю балельшчыцкую натуру, і, магчыма, знайсці новыя дзелавыя кантакты па рэспубліцы.