Мастак-жывапісец Алег Драбышэўскі з Мінска выбраў назвы для карцін, якія ён прысвяціў малой радзіме – Астравеччыне.

У пачатку лістапада ў “Рэгіянальнай газеце” і на сайце змясцілі выявы дзвюх карцін і прапанавалі дасылаць назвы да твораў.

Чытачы прыходзілі ў рэдакцыю, пакідалі каментары на сайце, пісалі на электронную пошту мастака, тэлефанавалі яму. Прапановы выказвалі актыўна – агулам было каля пяцідзесяці зваротаў. Варыянты прапаноўвалі з Мядзела, Вілейкі, Ашмянаў, Солаў, іншых мясцін. Натуральна, найбольш – з Астравеччыны.

“Водар зімовай Лошы” і “Зямля цудоўная гудаў”

Першую карціну творца назваў “Водар зімовай Лошы”.

 “Водар зімовай Лошы”.

“Водар зімовай Лошы”.

Адзін з чытачоў прапанаваў варыянт “Водар раніцы”. Неаднойчы прыгадвалі рэчку Лошу. Напрыклад, быў такі варыянт – “Сляды на Лошы”. Так што і “Лоша”, і “водар” займелі сваё месца ў назве.

Другую карціну шмат хто з чытачоў параўноўваў са Швейцарыяй. Але ўсё ж у назве абышлося без згадак аб альпійскай краіне. Твор атрымаў назву “Зямля цудоўная гудаў”.

 “Зямля цудоўная гудаў”.

“Зямля цудоўная гудаў”.

Тое, што ў назве абавязкова будзе слова “зямля”, – Алег Драбышэўскі вырашыў даўно. “Цудоўная” – таму што непадалёку, у касцёле ў мястэчку Гудагай, знаходзіцца цудадзейны абраз. Ды, наогул, краявіды тут прыгожыя.

Дадаць узгадку пра “гудаў” падказаў вядомы ўраджэнец Астравеччыны, літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, сталы чытач “РГ” Адам Мальдзіс. Бо і назва Гудагай ад гэтага пайшла.

Даведка “РГ”. Гуды – яшчэ ў 16 стагоддзі адзін са стваральнікаў літоўскага пісьменства Мікалай Даўкша выкарыстоўваў гэты тэрмін для пазначэння славянамоўнага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая традыцыя працягнулася і ў 17-18 стагоддзях. 

Паводле гісторыка Алега Дзярновіча.