Як сталіца Літвы падрыхтавалася да святаў, высвятлялі карэспандэнткі “РГ”. Ці ёсць скідкі і навагодні ажыятаж, а таксама якія навінкі святочных упрыгожванняў з’явіліся сёлета і які пануе настрой.

У першым вагоне цягніка на Вільню людзей амаль няма. Збольшага вагон пусты. Толькі некалькі галоў бачныя, калі зірнуць у праход. Хаця едзем у пятніцу ўвечары, якраз тады, калі ў большасці беларусаў чатыры выхадныя. Здаецца, добрая нагода павандраваць.

Вулічныя ўпрыгожванні

На вуліцы мароз. Урэшце ў жанчын ёсць нагода дастаць з шафы футра. І яны ёй з радасцю карыстаюцца.

На гадзінніку каля 10 вечара. Агеньчыкі паўсюль. Адчуванне, быццам віленскія кавярні, рэстараны ды крамы паміж сабой спаборнічаюць на лепшае ўпрыгожванне. Унутры іх і звонку – ёлкі з цацкамі ды агеньчыкамі. Вокны, дзверы, барныя стойкі ўпрыгожаныя штучнымі альбо жывымі лапкамі і шарамі.

Калі ў кагосьці на шыльдзе жывёла з рагамі, то на іх абавязкова навагоднія шапкі.

Ёлак шмат, і яны розныя. На адной з цэнтральных вуліц Старога горада стаіць музычная. Агеньчыкі ўтвараюць нотны стан. На іх – ноты. Уверсе – скрыпічны ключ.

Фантазія людзей – на вокнах і машынах

Упрыгожваць вокны – ужо амаль зімовая традыцыя. Літоўцы яе актыў­на падтрымліваюць і захоўваюць. Сняжынкі, гірлянды, выцінанкі, агеньчыкі бачныя паўсюль.

Некаторыя не абмя­жоў­ваюцца вокнамі і ўпрыгожваюць балконы. Шмат хто садзіць на іх і Дзеда Мароза.

А самыя арыгінальныя ўпрыгожваюць яшчэ і свае машыны. У цэнтры горада прыпаркаваўся “гарадскі алень”. Гаспадар прымацаваў да машыны рогі аленя, а спераду на нумар – чырвоны шар, які нагадвае нос.

Рожкі і паралонавы носік. Так машынка пераўтвараецца ў аленя Санты – Рудольфа.

Рожкі і паралонавы носік. Так машынка пераўтвараецца ў аленя Санты – Рудольфа.

На вуліцах людзей няшмат

У суботу раніцай на вуліцах свабодна. Але турысты не спяць і адну вялікую групу мы сустрэлі.

На праспекце Гедыміна некаторыя парачкі спакойна шпацыруюць, хтосьці выгульвае сабаку.

Тут жа на вялікім электронным табло ідзе адлік: колькі часу засталося да таго, як Літва пяройдзе на еўра. Праўда, не заўважна, каб людзі спяшаліся пазбавіцца ад апошніх літаў.

У крамах праца ідзе спакойна. Альбо ўсе ўжо закупіліся, альбо яшчэ не пачалі. Але што ў дробных крамах, што ў  найбуйнейшым гандлёвым цэнтры Літвы “Акропаліс” людзей, як звычайна.

Аднак беларусаў у прадуктовай краме гандлёвага цэнтра ўсё ж пазналі:

– Трэба браць, бо ў нас такая кілбаса каштуе 300 тысяч, – казала адна з жанчын ля прылаўка з мяснымі прадуктамі.

Хаця машыны з беларускімі нумарамі на вока не трапілі. Здаецца, сёлета закупляцца ў Вільні шмат хто палічыў нявыгадным.

У адным з віленскіх абменнікаў курс літа да беларускага рубля такі: 10 000 рублёў = 1,28 літа.

Вечарам у горадзе больш ажыўлена. Па цэнтральных вуліцах шпацыруюць кампаніі маладых людзей, кавярні запоўненыя.

“Муркафэ”

На адной з цэнтральных вуліц заўважаем кавярню. За вокнамі сядзяць людзі, п’юць каву. Здавалася б, звычайная кавярня, але не ўсё так проста. Паміж столікамі ходзяць каты. Каты спяць на падваконні, каты сядзяць на крэслах за столікам. На сценах на маляваных катах навагоднія шапкі. Ну як тут не зазірнуць унутр?

Котка Мілка адразу ж праверыла сумкі, з якімі наведнікі заходзяць у кавярню. А раптам там нешта смачнае?

Котка Мілка адразу ж праверыла сумкі, з якімі наведнікі заходзяць у кавярню. А раптам там нешта смачнае?

Мы ў кавярні “Муркафэ”. Усе наведнікі кавярні трапляюць у госці да васьмі дзіўных катоў. Так, менавіта ў госці, таму што тут гаспадары – каты.

Калі на крэсле за столікам, які разлічаны на чатырох, спіць рыжы прыгажун, значыць, гэты столік для трох чалавек. Спакой катоў парушаць тут не дазволена.

На сцяне вісяць партрэты ўсіх жыхароў кавярні. На іх напісаны і імёны катоў. Ну, не прыйдзеце ж вы ў госці да таго, чыё імя не ведаеце? Рыжыка, напрыклад, завуць Кофіс, аксамітнага, вялікага, чорнага ката завуць Фаўст.

У кавярні шматлюдна заўсёды. І нікога не напружвае тое, што побач з тваім кубкам, на якім, дарэчы, таксама выявы катоў, махае хвастом нехта пухнаты і цікаўны.

Карацей, для катоў тут створаныя ўсе ўмовы, чаго не скажаш пра людзей. Калі вы збіраецеся расказаць сяброўцы нейкі сакрэт, будзьце ўпэўненыя, што яго пачуюць усе. Месца ў кавярні вельмі мала. Увогуле, склалася адчуванне, што ты прыйшоў да сваіх далёкіх сваякоў. Пры гэтым, вы з імі пасварыліся. Сядзіце на канапе, моўчкі п’яце сваю каву і гладзіце ката.

Пасля наведвання кавярні ўзнікае шмат прапаноў, якімі хочацца падзяліцца, але афіцыянтка разумее толькі па-літоўску. І ўжо зазірнуўшы ў іншую кавярню, можна спакойна пагутарыць пра тое, як бы можна было аформіць такую кавярню, каб яна з’явілася ў Беларусі.

Навагодні забег

А ў нядзелю Вільня выйшла на прабежку. На тэрмометры мінус 10 градусаў, але людзей, гатовых бегчы, шмат.

Нядзельная раніца і мінусавая тэмпература не перашкода для ўдзельнікаў каляднага забегу.

Нядзельная раніца і мінусавая тэмпература не перашкода для ўдзельнікаў каляднага забегу.

Прычым многія бегуны апранулі навагоднія шапкі, касцюмы, понча. Мы назіралі за бегам хвілін з 15. А бегуны ўсё не заканчваліся. Прычым, невядома, калі тут прабег першы з іх.

Пакуль мы сядзелі і адаграваліся ў чарговай кавярні, у інтэрнэце ўжо з’явіліся фота з забегу. На адным з іх бачна, што першыя беглі, трымаючы ў руках ёлку.

Напрыканцы паездкі – снег

Спакаваўшы рэчы, вяртаемся на вакзал. На вуліцы ідзе снег. Людзі намагаюцца цяплей ухутацца ў шалікі.

На вакзале шмат лю­дзей, не ўсім хапае месца, каб сесці. Наш вагон запоўнены цалкам. Суседкі насупраць абменьваюцца ўражаннямі, праглядаюць набытыя магніты ды рэчы.

Праязджаем Гудагай. Тут ужо таксама снег і зіма.

Іншыя фота месцяцца ў фотагалерэі справа ўверсе. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.