Напярэдадні Новага года ў школе-інтэрнаце №2 для дзяцей са слабым зрокам – “Ёлка”.

Дзеці – у касцюмах. Ёлка – у мішуры. Бацькі пераступаюць з нагі на нагу, адпусціўшы дзяцей да сваіх сяброў, а сёння – міфічных герояў.

Піраты, супергероі, каўбоі, прынцэсы, дактары і трусы. Сказаць, які вобраз сёлета ў модзе, цяжка. Хутчэй арыгінальнасць, у кожнага свой герой.

Пакуль свята не пачалося, удзельнікі выступлення хаваюцца за ёлкай. Тут Дзед Мароз са Снягурачкай, чараўнік. Ну, і якое ж свята без тых, хто яму перашкаджае? Злюка і Зюзюка таксама чакаюць пачатку.

Перад навагодняй казкай дырэктарка школы Наталля Глінская ўзгадвае асноўныя падзеі 2014 года. Пяць стыпендый спецыяльнага фонду прэзідэнта, дыплом першай ступені ў абласным конкурсе на лепшую навучальную ўстанову спецыяльнай адукацыі, 50-годдзе школы.

На свята з падарункамі завіталі супрацоўнікі Следчага камітэта і Маладзечанскага райвыканкама. Акрамя салодкіх падарункаў, школа атрымала фотаапарат, спартыўны інвентар і сертыфікат на тры мільёны рублёў.

Карагод вадзілі, вершы расказвалі, агні на ёлцы запальвалі, Злюку і Зюзюку перавыхоўвалі. А напрыканцы – падарункі. Усё ў добрых традыцыях навагодніх святаў.

 

Навагодняя ноч у школе-інтэрнаце

Пра школу Наталля Глінская гаворыць як пра вялікую сям’ю.

– У нас сапраўды ўсё па-дамашняму. Мабыць, так атрымліваецца таму, што кожны ў калектыве адносіцца да дзяцей, як да сваіх. Сярод іншых, у школе 30 дзяцей-сірот. Мы імкнёмся частку свайго цяпла аддаць ім. Выхаванцы ўспрымаюць нас як эталон паводзінаў, і мы намагаемся паказваць лепшыя якасці.

Спадарыня Наталля прыходзіць у школу да сямі раніцы. Вітаецца з усімі па імёнах. Так заве­дзена.

– Толькі ўваходжу, як чую: “Добры дзень, Наталля Леанідаўна!” І пачынаем размаўляць: як прайшла ноч, што здарылася, якія пытанні.

Дырэктарка школы-інтэрната Наталля Глінская

Дырэктарка школы-інтэрната Наталля Глінская

На зімовых канікулах у інтэрнаце застаюцца жыць 23 дзіцяці.

– Новы год мы сустракаем па традыцыі за дамашнім сталом. Гатуем, рыхтуем праграму. Я прыязджаю, дзяцей віншую, у Снягурачку пераапранаюся. Малодшыя потым заўсёды кажуць: “Наталля Леанідаўна! Вы былі Снягурачкай!” Я кажу: “Дзеці! Не можа быць! Гэта ж казачны персанаж!” Да пятага класа ўсе вераць.

А ў новым годзе Наталля Глінская жадае дарослым яшчэ больш любіць сваіх дзяцей. Часам праз мітусню і працу мы не заў­важаем, як дзеці вырастаюць. Вельмі важна, каб у душы кожнага з нас жыло дзіця, якое верыць і спа­дзяецца. А калі чалавек верыць, то тое, чаго ён хоча, абавязкова спраўдж­ваецца.