Завяршаецца яшчэ адзін год, які мы правялі разам. Або вы толькі далучыліся да тых, хто з нецярпеннем чакае чарговай пятніцы, каб сустрэцца з нашай газетай, ці сочыць штодня за насычаным жыццём беларускага Павілля на сайце rh.by.

Мы не цураліся праблем, з якімі вы да нас звярталіся, шукалі і знаходзілі навіны, якія хвалявалі вас, вашых суседзяў. Мы, газетчыкі, таксама часцінка вас. Жывём па суседстве, водзім дзетак у тыя самыя садкі ці школы, ездзім тымі самымі аўтобусамі.

Мы разам радаваліся першай хуткаснай электрычцы, якая звязала наш рэгіён са сталіцай, перажывалі, калі ў маладзечанскай бібліятэцы абрынулася столь, а ў Камарове апошнія дні дажывала беларускамоўная школа, абураліся планам будаўніцтва жывёлагадоўчых мегакомплексаў. Разам радаваліся спартыўным перамогам землякоў і новым галасам на фестывалі “Адна зямля”. Нашаму агульнаму 1000-му нумару.

Упэўнены, што вы таксама заўважылі і ацанілі новы дызайн газеты і сайта, новыя рубрыкі і тэмы, новых герояў.

Давайце разам рабіць добрыя справы. Разам заўважаць, што адбываецца вакол нас. Дзяліцеся сваёй радасцю з усімі. А мы вам у гэтым дапаможам.

З надыходзячым вас Новым годам! Здароўя вам і вашым блізкім, натхнення, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Ад імя ўсяго калектыву рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” галоўны рэдактар Аляксандр МАНЦЭВІЧ.