Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці прааналізавала практыку расследавання крымінальных спраў, узбуджаных па фактах незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў і прэкурсораў.

Істотна вырасла колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, звязаных непасрэдна са збытам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Так, калі ў 2012 годзе па фактах незаконнага збыту следчыя ўзбудзілі 88 крымінальных спраў, у 2013 – 119, то на канец 2014 года – звыш 255.

– Гэта сведчыць, з аднаго боку, пра павышэнне актыўнасці праваахоўных органаў па супрацьдзеянні нарказлачыннасці, а з другога – пра значнасць і вастрыню праблемы, – падкрэсліла  афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

Асаблівую трывогу выклікае рост уцягвання непаўналетніх не толькі ва ўжыванне забароненых рэчываў, але і ў незаконны іх абарот. Ад агульнай колькасці крымінальных спраў па факце незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў – чвэрць узбуджана ў адносінах да асобаў узростам да 21 года.