Падапечныя Дзмітрыя Краўчанкі ў напружаным паядынку 4 студзеня перайгралі гродзенскі “Нёман” у авертайме з лікам 5:4.

У госці да “зуброў” гродзенцы прыбылі ў выдатным настроі. Восем перамог запар усялілі ў падапечных Васіля Спірыдонава ўпэўненасць у сваіх сілах.

Паглядзець на першы хатні паядынак у новым годзе сабралася рэкордная для дэбютнага сезону колькасць заўзятараў – 1530. Сярод іх знайшлося месца і фанатам “Нёмана”.

Асаблівай пікантнасці паядынку надаў той факт, што вароты гасцей абараняў экс-зубр Ян Шэлепнеў. Гродзенскі варатар яшчэ не паспеў зрабіць сабе новы шлем, таму гуляў у дынамаўскім. Але лагатып “Дынама-Маладзечна” Ян ўсё ж заклеіў значком “Нёмана”.

Першы перыяд цалкам прайшоў пад дыктоўку дынамаўцаў. Нашы хлопцы перакідалі гасцей у шэсць разоў – 12:2, але закінуць ўдалося толькі аднойчы. Шайба на рахунку Станіслава Лапачука.

Фота Аляксандра Яроменкі, hcdinamo.by

Фота Аляксандра Яроменкі, hcdinamo.by

Пачатак другой дваццаціхвілінкі таксама ўсяліў аптымізм у зыход паядынку. Сяргей Голубеў у самым дэбюце падвоіў лік. Здавалася, яшчэ крыху, і ў варотах гасцей пабывае трэцяя шайба. Але не тут-то было!

“Нёман” менш чым за сем хвілін чатыры разы патрапіў у вароты дынамаўцаў. Прычым, дзве шайбы пабывалі ў нашай сетцы з інтэрвалам у 11 секунд!

Заключны перыяд “зубры” пачалі з нападаў на вароты Шэлепнева. І двойчы за шэсць хвілін засмуцілі экс-дынамаўца.

Гаспадары маглі вырашыць зыход сустрэчы яшчэ ў фінале трэцяга перыяду, але не рэалізавалі большасць спачатку ў асноўны час, а затым і ў авертайме. Але колькасная перавага ўсё ж згуляла на руку дынамаўцам. За 59 секундаў да канца авертайма пераможную шайбу закінуў Мікіта Феактыстаў.