У галасаванні, якое аб’явіла “Рэгіянальная газета” ў апошнім нумары 2014 года, перамог адзінаццацікласнік з Мала­дзечна, які вясной выратаваў з вады першакласніка.

МАЛАДЗЕЧНА. У галасаванні, якое аб’явіла “Рэгіянальная газета” ў апошнім нумары 2014 года, перамог адзінаццацікласнік з Мала­дзечна, які вясной выратаваў з вады першакласніка.

Мы запрасілі Уладзіміра ў рэдакцыю, каб павіншаваць яго і спытацца, што новага адбылося ў жыцці героя.

Галоўны рэдактар уручае Уладзіміру ўзнагароду

Галоўны рэдактар уручае Уладзіміру ўзнагароду

– Прызнацца па праўдзе, – кажа Уладзімір, – я ўвогуле не магу прызвычаіцца да таго, што ўсе лічаць мой учынак подзвігам. Вясной да нас у школу прыйшоў чалавек з таварыства ратавання на вадзе, каб на школьнай лінейцы падзякаваць мне. І усе, хто быў у актавай зале, паўставалі з крэслаў, сталі апладзіраваць.

– У нашай апытанцы вы спаборнічалі з такімі асобамі, як Міс Беларусь, Настаўнік года, але чытачы выбралі вас. Як думаеце, чаму?

– Мяркую, што галоўнае ўсё ж нейкі ўчынак чалавека, а не проста асоба. Для мяне асоба 2014 года – алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава.

– Цяпер бачыцеся з тым хлопчыкам, якога выратавалі?

– Так, ён мой сусед у вёсцы Подберазь, што на Валожыншчыне. Але больш пра той выпадак мы не ўспаміналі.

– А што вашы бацькі сказалі, калі даведаліся, што вы кінуліся ў ваду ратаваць хлопчыка?

– Я думаю, больш праблем у мяне было б, каб я не палез у ваду. А так усё скончылася добра, чаго цяпер успамінаць. А бацькі мной ганарацца, я так думаю.

– Калі мы з вамі размаўлялі ў мінулы раз, вы былі вучнем 11 класа. Дзе вы вучыцеся цяпер?

– Я сёлета паступаў у эканамічны ўніверсітэт, але, на жаль, не дабраў балаў па англійскай мове. Таму цяпер езджу на падрыхтоўчыя заняткі і вучуся ў аўташколе. Навошта год марнаваць?

– Эканамістам марылі быць з дзяцінства?

– Не, у дзяцінстве хацеў стаць касманаўтам.

Дзяўчына ёсць, але сэрца вольнае

За Уладзіміра Грахоўскага галасавалі цэлымі сем’ямі. Патэлефанавала жанчына, кажа:

– Мы ўсёй сям’ёй абмеркавалі вашых кандыдатаў і вырашылі, што лепшы Уладзімір. Прыміце, калі ласка, па адным голасе ад кожнага члена сям’і!

Каб чытачы пазнаёміліся з асобай чалавека, які не раздумваючы кінуўся ў ваду, мы зладзілі з  Ула­дзімірам невялікае бліц-апытанне.

– Уладзімір, у вас ёсць дама сэрца?

– Дзяўчына ёсць, але сэрца маё вольнае.

– Любімы від спорту?

– Футбол.

– За якую каманду хварэеце?

– “Ліверпуль”. За маладзечанскую каманду хварэць сумна. Быў некалькі разоў на стадыёне, больш не хачу.

– Любімы фільм?

– “Аватар” і ўсе часткі “Піратаў Карыбскага мора”.

– Любімая кніга?

– “Майстар і Маргарыта”.

На пытанне пра любімы напой адказаў:

– Ну, і пытанні ж у вас! Можна я ўжо пайду? 

Як размеркаваліся балы паводле галасавання

1. (54 галасы) Уладзімір Грахоўскі
2. (48) Сяргей Трацэўскі і Пётр Тачыцкі
3. (8) Георгі Каржанеўскі
4. (6) Ахрэм Белабровік
5. (5) Аляксей Кудзін
6. (4) Вікторыя Янушкевіч і Павел Сянкевіч
7. (3) Віктар Жук, Валеры Апарык
8. (2) Анатоль Лоўкіс, Віталь Качаткоў.