З гэтага часу здача тэарэтычнага іспыту будзе каштаваць 0,3 БВ або 54 тыс. рублёў (раней – 0,05 БВ), практычнага – 1 БВ або 180 тыс. рублёў (раней – 0,1 БВ).

Кошт камп’ютарных паслуг і афармлення заявы на падачу дакументаў, а таксама самога пасведчання кіроўцы засталіся ранейшымі – 0,12 і 2 БВ адпаведна.

На сайце ДАІ Мінска расцэнкі на экзаменацыйную дзейнасць ужо змененыя на новыя.

ДАІ даўно была незадаволеная нізкім узроўнем падрыхтоўкі курсантаў. Раней устаноўленыя нізкія цэны дазвалялі будучым кіроўцам беспраблемна для іх кашалькоў пераздаваць іспыты дзясяткі разоў: у экзаменацыйных аддзелах збіраліся вялізныя чэргі. Магчыма, рашэнне сур’ёзна павялічыць цану паслуг з’яўляецца мерай фінансавага ўздзеяння на непадрыхтаваных курсантаў – пераздаваць “на авось” зараз стане накладна.

Пакуль не ўдалося атрымаць афіцыйны каментар ад ДАІ.