Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Каб павялічыць фота, націсніце на яго.

Браты францішкане, якія апякуюцца касцёлам Святога арханёла Міхаіла і кляштарам, адчынілі ў гэтым цудоўным беларускім мястэчку кавярню, якая так і называецца “У францішканаў”.

Зрэшты, гэтай парой Івянец і, як кажуць, ваколіцы не падаюцца такімі ўжо цудоўнымі. Мы, безумоўна, любім нашу Беларусь у любым выпадку і пры любым надвор’і, але, выпраўляючыся ў Івянец па трасе Мінск-Гародня, трэба настроіцца на страшэнна зацягнутыя, як кадры ў фільмах Таркоўскага, нашы айчынныя фатальныя шэрыя халодныя краявіды.

Папярэджаныя аб існаванні незвычайнага інфраструктурнага аб’екта – “манаскай” кавярні – мы чамусьці думалі, што аб’ект знаходзіцца ў нейкіх каларытных кляшторных мурах і мае адпаведнае аздабленне. Але, як кажуць, рэчаіснасць значна багацейшая за фантазію.

Кавярня месціцца ў індустрыяльнай пабудлве. Былыя ці то склады, ці то заводскія цахі, якія знаходзяцца побач з касцельнай і кляшторнай тэрыторыяй. Улады цалкам перадалі памяшканне касцёлу, і пробашч айцец Лех пад гэтым дахам з уласнай ініцыятывы адчыніў у ліпені незвычайную кавярню. Памяшканне, дарэчы, вялікае, таму тут будзе спартовая зала для мясцовай моладзі і скаўцкі офіс.

На будынку браты-францішкане напісалі “Супакой і дабро”. Гэта дэвіз, які ўзнік з інспірацыі Святога Францішка. Было гэта ў 1215 годзе. Дэвіз з’яўляецца фундаментальнай апостальскай праграмай – прапаведваць жыццём і словам Евангелле, якое ёсць крыніцай супакою і дабра.

Дэвіз на шэрай, індустрыяльнай пабудове робіць, праўду кажучы, фантастычнае ўражанне. Нешта быццам бы несумяшчальнае. Але з іншага боку, кожны дасведчаны турыст ведае, як папулярны сёння ў свеце дамы, рэстараны і розная турыстычная інфраструктура ў стылі “лофт»” А тут, у Івянцы, тыповы лофт узяў і спалучыўся з рэлігійнай ідэяй. Файна!

А вось і сама кавярня. Праходзім праз будаўнічы вэрхал і трапляем ва ўтульнае, цалкам сучаснае, сціплае памяшканне з барная стойкай. Асартымент, шчыра кажучы, пакуль небагаты. Чамусьці чабурэкі, блінцы з начыннем, бульба фры. Кава неблагая. Алкагольных напояў, як і мае быць у манахаў, няма.

Замест бутэлек, на барнай стойцы пасяліўся сімпатычны плюшавы “манах”.

Тэма францішканаў прысутнічае ў інтэр’еры і такім чынам. Гэта знак “Таў” – апошняя літара старажытнагабрэйскага алфавіту,  яго форма нагадвае крыж такім, якім ён выглядаў перад тым, як Пілат прымацаваў таблічку над скрываўленай галавой Езуса. Таў – знак звернутых грэшнікаў, знак збаўленчага і абноўленага жыцця. Апошняя літара алфавіту сімбалізуе апошні крок выратавання, апошнюю надзею. Па сутнасці, Таў як бы афарбоўвае ўсю францішканскую духоўнасць.

Айцец Лех зладзіў побач з кавярняй дзіцячую пляцоўку.

Таксама на тэрыторыі маецца невялікі заапарк. Як бы незнарок атрымаўся цікавы турыстычны аб’ект. Планы ў айцоў-францішканаў па далейшаму развіццю тэрыторыі вялікія, у тым ліку шмат чаго вымагае і кавярня, але пакуль не хапае сіл і сродкаў.

Айцец Лех круглы год, нягледзячы на надвор’е, ходзіць басанож.

Капліца вячыстай Адарацыі, тут вернікі івянецкай парафіі пастаянна змяняюць адзін аднаго, і малітва не спыняецца ніколі. 

Абагульняючы. Кавярня падалася незвычайнай. Калі не падыходзіць з чыста матэрыяльных меркаванняў (пакуль што шмат што недапрацавана) выклікае замілаванне. Можна папрацаваць над асартыментам і кухняй, аблагародзіць тэрыторыю (абавязкова захаваўшы стыль “лофт”), і будзе зусім добра.