Крысціна Шлыковіч у снежні стала самай дужай атлеткай ў абсалютнай катэгорыі чэмпіянату Літвы па паўэрліфтынгу.
Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Каб павялічыць фотаздымак, націсніце на яго.
Пра тое, як прайшлі спаборніцтвы і чаму маленькая, тоненькая дзяўчынка стала займацца паўэрліфтынгам, распавяла сама чэмпіёнка.
– Чэмпіянат у Літве – гэта не першыя спаборніцтвы. У красавіку 2014 года стала бронзавай прызёркай чэмпіянату Еўропы па паўэрліфтынгу. Я не думала пра тое, калі атрымоўвала вышэйшую ўзнагароду, што цяпер стала нейкай суперспартсменкай. Мне здаецца, што самае галоўнае для спартсмена – не спыняцца на дасягнутым. Ты сапраўдны спартсмен толькі тады, калі ўвесь час пацвярджаеш гэта новымі перамогамі.
Крысціна займаецца паўэрліфтынгам усяго год і пяць месяцаў. За гэты час яна стала майстрам спорту.
– Лічу, што трэба ламаць стэрэатыпы пра тое, што паўэрліфтынг – гэта не жаночая справа, – працягвае Крысціна. – Хаця сама таксама так думала, калі прыйшла ў спартыўную залу проста за кампанію. Але дзякуючы свайму трэнеру Міхаілу Станкевічу, які ўсяліў у мяне веру ў перамогу, я стала паказваць такія вынікі.
Першы свой залаты медаль Крысціна атрымала на першынстве Беларусі сярод юнакоў (да 18 гадоў), якое праводзілася ў Ашмянах у 2014 годзе.
У лістападзе на Кубку Беларусі Крысціна атрымала пяць залатых медалёў за кожнае практыкаванне.
Цяпер у спартыўным клубе “Аякс”, які наведвае Крысціна, акрамя яе займаецца ўсяго дзве дзяўчынкі.
– Ну і дарма. Дзякуючы паўэрліфтынгу ў дзяўчат проста выдатная фігура.
Спорт, вядома, адбірае шмат часу. Трэніроўкі тры разы ў тыдзень па 2-3 гадзіны.
І рэжым дня для Крысціны ўжо норма і звычка:
– Я сплю не менш за 8 гадзін. Імкнуся есці тыя прадукты, у якіх утрымліваецца вялікая колькасць вітамінаў.
Асабісты рэкорд Крысціны ў трохбор’і – 325 кілаграмаў.
– Але на дасягнутым я не спыняюся. Калі закончу школу, абавязкова паступлю ва ўніверсітэт фізкультуры.
Стаць гандбалісткай перашкодзіў маленькі рост
– Як вашы бацькі ставяцца да таго, што дачка займаецца такім відам спорту?
– Мама спачатку была ў шоку ад таго, што я абрала менавіта гэты від спорту. Але цяпер радуецца за мяне, заўсёды падтрымлівае. А да гэтага я шэсць гадоў займалася гандболам.
– А чаму сышлі з гандбола?
– У мяне маленькі рост для гандбалісткі, усяго 165 сантыметраў. І перспектыў у гэтым відзе спорту няма. У паўэрліфтынгу ёсць магчымасць трапіць на міжнародныя спаборніцтвы, выконваць нарматывы, а ў гандболе такое рэдка бывае. Толькі калі пашчасціць трапіць у клуб. Паўэрліфтынгам можна займацца да якога хочаш узросту, а гандболам – да 35 гадоў.
– А куміры сярод спартсменаў ёсць?
– Я захапляюся Чэнь Вэйлін, дзяўчынай з Тайваня, якая пры ўласнай вазе 45 кілаграмаў прысела са штангай, якая важыла 200 кілаграмаў. Я лічу, гэта проста неверагодна.
– Ці траўманебяспечны від спорту паўэрліфтынг?
– Траўмы здараюцца, але мяне пакуль, на шчасце, гэта абмінула.
Сёння Крысціна актыўна рыхтуецца да чэмпіянату рэспублікі па класічным паўэрліфтынгу, які пройдзе 9 студзеня ў алімпійскім спартыўным комплексе “Стайкі”.