Ліст у рэдакцыю даслаў чытач з Ашмянаў.

“Шкадуем усіх, хто быў нявінна забіты ад рук тэрарыстаў. Спачуваем іх родным і блізкім. Бог ведае, чаго хацелі забойцы і што атрымалася ў іх… Але чыніць расправу і самасуд сваім одумам − гэта супярэчыць шарыяту.

Нагадваем, што ні Бога, ні Пророка нельга ніяк абалгаць і зганьбаваць. Гэта ўсё адно, што спрабаваць даплюнуць да сонца. Адзінабожжу, ісламу і нашай пашане да Прарока не здолее нашкодзіць ніводзін са створаных. Веру ніхто ў нас не адбярэ, але можам мы яе самі страціць. І каб гэтага не было, пільнуйцеся Закона Божага самі, бойцеся Бога і больш нікога.

Майце на ўвазе − Бог бачыць вас заўсёды. Таму таксама бойцеся лепш стаць прыгнятальнікам, бойцеся закрануць чужое права, бо калі нявінна ад вас пацерпіць хто б то ні быў, вернік ці нявернік, дык у Дзень Адплаты пан Бог можа даць яму вашы ўзнагароды, а вам пакінуць яго грахі − і ў любым выпадку выканае яго прашэнне-дуа супраць вас.

Бойцеся быць несправядлівымі з людзьмі, шануйце суседзяў і землякоў − гэта і будзе найлепшым вызнаннем ісламу. Не думайце дрэнна пра людзей. Ніколі цярплівасць так не дарэчы, як пры першым удары лёсу. Набярыцеся цярпення.

І няхай дапаможа нам Бог”.

Ліст напісаны як водгук на падзеі 7 студзеня ў Парыжы, калі адбылася тэрарыстычная атака на сатырычны часопіс “Шарлі Эбдо” і забрала жыцці 12 чалавек. Мяркуецца, што нападнікі адпомсцілі за карыкатуру на тэму мусульманскай рэлігіі.

Даведка “РГ”. Прашэнне-дуа − так вернікі ісламскай рэлігіі называюць мальбу да бога.