“Зялёная карта”, або Greenmap.by, – гэта ўнікальны для Беларусі грамадскі праект.
Ён уяўляе сабой карту ў інтэрнэце, на якую нанесеныя пункты збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, небяспечных адходаў і непатрэбных рэчаў.
На дадзены момант карта ахоплівае амаль два дзесяткі беларускіх гарадоў і налічвае каля тысячы кропак, якія даюць інфармацыю пра тое, куды аднесці адходы (як другасныя матэрыяльныя рэсурсы, так і небяспечныя віды адходаў), а таксама непатрэбныя, але добрыя рэчы – вопратку, кнігі, мэблю, бытавую тэхніку.
Як распавяла каардынатар праекту “Зялёная карта” Марыя Сума, у Маладзечне на дадзены момант налічваецца 15 пунктаў збору адходаў і рэчаў. Пры гэтым у жыхароў горада ёсць магчымасць правільна утылізаваць абсалютна ўсе віды адходаў.
Каб больш падрабязна пазнаёміцца са стваральнікамі праекта і яго ідэяй, запрашаем усіх жадаючых на прэзентацыю “Зялёная карта ў Маладзечне: ўклад насельніцтва ў працэс збору і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў і небяспечных адходаў”.
Мерапрыемства адбудзецца 12 студзеня ў 11.00 на базе філіяла Цэнтральнай раённай бібліятэкі Маладзечна №4 – бібліятэка сямейнага чытання “Верасок” (вул. Вялікім Гасцінец, 121).
У мерапрыемстве прымуць удзел: начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Бохан; каардынатар праекта “Зялёная карта” Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя Сума, валанцёр праекта “Зялёная карта” ў Маладзечне Канстанцін Чыкалаў.