На Вілейшчыне пачалі рэалізоўваць інвестыцыйны паказальны праект у межах мясцовага экалагічнага плана дзеянняў. Пачалі працы па расчыстцы рэчышча ракі Пляснянка і выраб каванай агароджы для моста па вуліцы Савецкай у райцэнтры.

Мясцовы экалагічны план дзеянняў зацвердзілі 24 кастрычніка на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Сярод яго задач:

– паляпшэнне якасці пітной вады,

– вырашэнне праблем з водаадвядзеннем ў горадзе і раёне,

– мэтанакіраваная праца па наладжванні паасобнага збору смецця і яго перапрацоўкі,

– развіццё роварнага турызму са стварэннем роварных дарожак на тэрыторыі ўсяго раёна,

– добраўпарадкаванне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, зон адпачынку, старадаўніх сядзібна-паркавых комплексаў.

Падобны дакумент прынялі 10 раёнаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у праграме STREAM з верасня 2013 года. Яна рэалізуецца рэгіянальным экалагічным цэнтрам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У экалагічным плане – чатыры прыярытэты

У працы над экалагічным планам Вілейскага раёна разам са спецыялістамі  цэнтра удзельнічалі ўсе зацікаўленыя бакі: мясцовыя ўлады, грамадскія арганізацыі, навукоўцы і эколагі. У зацверджаным вілейскім плане наступныя прыярытэты:

– водазабеспячэнне і сцёкавыя воды,

– кіраванне цвёрдымі бытавымі адходамі,

– паляпшэнне інфраструктуры і турыстычнага патэнцыялу асабліваахоўных прыродных тэрыторый.

Гэтыя напрамкі адлюстроўваюць вынікі апытання, дзякуючы якому жыхары Вілейшчыны змаглі самі вызначыць найбольш важныя экалагічныя праблемы.
На аснове конкурсных заявак у кампанент праграмы STREAM па паляпшэнні экалагічнага планавання разам з Вілейскім былі таксама ўключаныя Бярозаўскі, Браслаўскі, Глыбоцкі, Івацэвіцкі, Ашмянскі, Полацкі, Пухавіцкі, Рагачоўскі і Чашніцкі раёны.

На інвестыцыйны праект выдзелілі 50 тысяч еўра

Цяпер рэалізуецца галоўная і завяршальная стадыя праекта – паказальны інвестыцыйны праект.

У Вілейскім раёне інвестыцыі будуць прыцягвацца, перш за ўсё, для ачысткі і добраўпарадкавання ракі Пляснянка, якая працякае праз горад і нясе свае воды ў Вілію.

 Гэта пачатак вялікага экалагічнага трансгранічнага праекта па паляпшэнні экалагічнага стану ракі Вілія, што пачынае здзяйсняцца ў раёне.

 На ажыццяўленне інвестыцыйных праектаў кожнаму з дзесяці раёнаў выдзелена 50 тысяч еўра. Сродкі выдзеліла Шведскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA), якое фінансуе праграму STREAM.

Гэты праект стане пачатковым у ліку далейшых праектаў, якія плануецца рэалізаваць для вырашэння экалагічных пытанняў і ў працы па прыцягненні дадатковых інвестыцый у раён. Яе ажыццяўляе раённы выканаўчы камітэт і грамадскае аб’яднанне па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёна “ЗОВіК”.