Як нам паведамілі ў цэнтральных раённых бальніцах рэгіёна, захворванняў на грып пакуль не было. Ёсць адзінкавыя выпадкі віруснай інфекцыі.

Галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы ў Валожыне Яраслаў Мянцюк адзначыў, што пакуль не было выпадкаў захворванняў на грып. Прагназуюць, што ён прыйдзе ў лютым.

– Усё будзе залежаць ад надвор’я, – заўважае галоўны доктар. – Калі не будзе халодна, то гэта будзе спрыяць захворванням. Тым больш, што імунітэт у людзей будзе больш аслаблены.

У якасці прафілактыкі доктар раіць ужываць больш садавіны і гародніны.

– Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на прадукты, у якіх ёсць вітамін С, – адзначае  Яраслаў Мянцюк. – Гэта цытрусавыя, шыпшына, капуста, ківі, перац. Таксама карысна ўжываць цыбулю, часнок. Не варта злоўжываць гэтымі прадуктамі, але ў рацыёне яны павінны быць.

Вялікіх успышак грыпу не прагназуюць

У Валожыне вакцыніравалі 40% насельніцтва.

Найбольш падвержаныя захворванню людзі, якія своечасова не зрабілі прышчэпку і якія працуюць у месцах скаплення людзей.

– Прышчэпку супраць грыпу лепш рабіць восенню, – раіць доктар. – Арганізму патрэбны час, каб адаптавацца. Калі ж вакцыніравацца ў час успышак грыпу, гэта не эфектыўна  – ёсць небяспека, што арганізм не прывыкне да прышчэпкі.

Грып часта блытаюць з ВРВІ

Калі чалавек хварэе на грып і пасля вакцынацыі, то хвароба будзе працякаць у больш лёгкай форме.

Яраслаў Мянцюк гаворыць, што грып часта блытаюць з вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі (ВРВІ). Аднак грып больш небяспечны – пры ім большая верагоднасць ускладненняў: пнеўманіі, бранхітаў, гаймарытаў, ангіны. У людзей з хранічнымі захворваннямі ўскладненні могуць быць на іх. Падчас грыпу паднімаецца больш высокая тэмпература – да 40.

У Вілейцы таксама пакуль няма ўспышак грыпу. Прагназуюць, што грып прыйдзе ў канцы студзеня, пачатку лютага. Вакцыніравана 40% насельніцтва, каля 18 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміла Таццяна Рамэра, загадчыца паліклінікі.