У Астравецкім і Ашмянскім раёнах сёлета не будуць высякаць яблыневыя сады. А вось на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне пазбавяцца ад старых. На месцы іх будзе ворыва.
АСТРАВЕЦ. На Астравеччыне сёлета не плануюць высякаць яблыневыя сады. У СВК “Варняны” пасадзяць 20 гектараў яблынь. Сады ў Варнянах займаюць 100 гектараў.
Пра гэта паведаміла Данута Бразевіч, галоўны спецыяліст аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі Астравецкага раёна.
АШМЯНЫ. На Ашмяншчыне яблыневыя сады таксама застануцца. У кастрычніку пасадзілі 14 гектараў яблынь у СВК “Ашмянскі досвітак”. Агульная плошча саду складае 62,5 гектара.
Пра гэта распавёў Віталь Ясюкайціс, намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ашмянскага райвыканкама.
ВІЛЕЙКА. Галоўны спецыяліст аддзела раслінаводства Вілейскага райвыканкама Леанід Кудзеля адзначыў, што сёлета плануюць пазбавіцца ад усіх старых яблыневых садоў у Вілейскім раёне. Аднак пакуль няма спісу вёсак, у якіх будуць высякаць сады.
МАЛАДЗЕЧНА. Юры Брыль, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Маладзечанскага райвыканкама, заўважыў, што сёлета высекуць яблыневы сад у вёсцы Гарадзілава, што побач з вёскай Соўлава. Агульная плошча саду ў Гарадзілаве – 10 гектараў.
– У Хажове сад высеклі тры гады таму, – кажа Юры Брыль. – Аднак там яшчэ засталося сухое галлё. Сёлета яго прыбяруць.
На месцы садоў будуць ворныя землі.