Гісторыя пра тое, як хлопцы ў савецкі час не ведалі, дзе будуць служыць. Як армія робіць усіх аднолькавымі. Пра тое, як яшчэ хлопчыкам Сымон Барыс хаваўся ў лесе, каб бацька не пай­шоў на вайну.  Пра маці, якая чакала сына з вайны на працягу 30 год.

У розны час па-рознаму праводзілі і право­дзяць мужчын у войска. А таксама па-рознаму адбываюцца і сустрэчы тых, хто вяртаецца дамоў. Вяртанне бывае радаснае, а іншы раз сумнае, нават трагічнае.

Падораныя грошы захоўвалі да часу, пакуль хлопец не вернецца з арміі

Калі адпраўлялі навабранца ў армію, бацькі спраўлялі вечар – праводзіны ў армію. На застолле запрашалі сваякоў, суседзяў.

Госці ішлі не з пустымі рукамі: неслі гарэлку і закуску (яйкі, сыр, рыбу, масла, кілбасы) – хто што мог. Запрашалі музыкаў. Калі ў навабранца была каханая дзяўчына, яе садзілі  з левага боку ад яго, як на вяселлі. Некаторыя пры гэтым абяцалі чакаць сваіх дзецюкоў з войска.

Мужчыны падчас вячэры ўспаміналі сваю службу ў войску, расказвалі розныя армейскія здарэнні. Навабранцу жадалі міру, наказвалі чэсна несці вайсковую службу. Спявалі рускія песні: “Кацюша”, “Тры танкісты”, іншыя.

Хросны бацька навабранца ставіў на стол міску ці рэшата, пакрытае хусткай і сам клаў некалькі рублёў. Пасля гэтага міску перадавалі па стале, а госці клалі ў яе грошы: па рублю, па тройцы, па пяцёрцы, а то і больш. Гэтыя грошы захоўвала маці хлопца аж пакуль ён не адслужыць у войску.

Састрыжаныя валасы навабранца хавалі ў хаце, каб вярнуўся

Пасля гэтага моладзь ішла ў клуб або ў суседнюю хату танцаваць.  Пажылыя сядзелі за сталом, спявалі, пасля разыходзіліся.

Назаўтра збіраліся тыя ж самыя госці. Апрача пачастунку, выконваліся старадаўнія абрады. Маці навабранца альбо яго блізкі родзіч, шчаслівы ў жыцці, тройчы абходзіў з ім вакол стала па руху сонца (з усходу на захад). Маці брала нажніцы і састрыгала валасы на галаве сына ў трох месцах. Пасля хавала іх у хаце, каб вярнуўся дамоў.

Па старой завядзёнцы магла не нажніцамі абразаць валасы, а запаленай свечкай. З ёй пасля абводзіла сына вакол стала.

 Пасля гэтага стралялі з паляўнічай зброі. Госці развітваліся, а сваякі праводзілі навабранца ў ваенкамат.

Прыйшоў у ваенкамат першым

Сымон Барыс расказаў, як яго прызывалі ў Савецкую армію.

На прызыўной камісіі ў Вілейцы яму далі павестку на адпраўку на нядзелю 10 лістапада 1957 года. Куды пашлюць, ён не ведаў. Сказалі, што на поўнач. Баяўся: “Хаця б не ў Запаляр’е!”

Ніякага вечара і застолля не рабілі. Напярэдадні кастрычніцкага свята  ў клубе ў Нарочы была вечарынка. Хлопец схадзіў на яе, але радасці не было. Там пазнаёміўся з дзяўчынай і на развітанне сказаў, што можам убачыцца аж праз тры гады.

У нядзелю бацька Сымона Барыса ўзяў у калгасе каня і на калёсах павёз навабранца да Вілейкі. Ад смаргонскага пераезда на чыгунцы хлопец пайшоў сам.

– Прыйшоў а 17 гадзіне, – расказвае Сымон Барыс. – Аказаўся першым. Праз некаторы час пачалі падыходзіць іншыя. Сабралася каля 20 чалавек. Як сцямнела, маёр павёў нас на начлег у лазню. Ляглі на палках: чамадан замест падушкі, а пінжачок – гэта і матрац, і коўдра.

Афіцэр пайшоў вячэраць, таму каля лазні можна было гуляць. Да некаторых хлопцаў прыходзілі дзяўчаты або сёстры.

– Спаць у лазні ляглі позна, – працягвае Сымон Барыс. – Ды і які там сон на халодных плітах або дошках! Пад раніцу нас паднялі, пастроілі ў калону і з чамаданамі і сумкамі павялі на чыгунку. А пятай га­дзіне раніцы ішоў цягнік на Маладзечна. Са станцыі Маладзечна пешшу ішлі да абласнога ваенкамата ў Гелянове.

Размясцілі нас там на падлозе (нарах). Разам з асабовымі справамі знаходзіліся ў абласным ваенкамаце. Туды прыехалі і іншыя навабранцы з Мінскай вобласці.

Навабранцы чакалі “пакупнікоў”

Там хлопцы чакалі, пакуль не прыедуць “пакупнікі”. Так называлі сяржантаў, якія прыязджалі, каб адабраць навабранцаў для службы ў іх часцях.  Па форме “пакупніка” можна было меркаваць, у якіх войсках будзеш служыць.

– У Гелянове нас не кармілі, прапаноўвалі кіпень, – узгадвае мужчына. – На палатках давялося начаваць адну або дзве ночы, пакуль усіх разабралі. Нарэшце, назвалі мяне па прозвішчы і імені. Потым складалі спіс сфарміраванага ўзвода. Зачыталі яго, і сяржант сказаў, хто будзе намі камандаваць да таго часу, пакуль не прывязе нас у вайсковую часць.

Хлопцам не сказалі, куды павязуць. Пачалі загружаць у таварныя вагоны-“цялятнікі”. Цягнік з навабранцамі паехаў у Мінск. Там да эшалона прычапілі яшчэ некалькі такіх жа вагонаў з навабранцамі. З Мінска эшалон пайшоў праз Оршу на Віцебск.

Вечарам яго спынілі і загадалі: “Схадзіць па патрэбе. Выпіць спіртное, калі ёсць. Усё, што ў сумках і чамаданах, з’есці або выкінуць – ноччу прыбываем у вайсковую часць.

Армія робіць усіх аднолькавымі

 –  У вагоне сяржант нам ужо сказаў, – расказвае Сымон Барыс, – што будзем служыць на беразе ракі Волхаў. Думалі, што нас і прывязуць у горад Волхаў. Праз некаторы час пад’ехалі да Ноў­гарада. За намі прыйшлі высокія, крытыя брызентам, грузавікі. З Ноўгарада нас павезлі ў ваенны гарнізон Крачавіцы.

Там хлопцы адразу вымыліся ў гарнізоннай лазні. Ім выдалі зімовую форму: на шынялях блакітныя пятлічкі з птушкамі,  блакітныя пагоны. Усе сталі падобныя адзін на аднаго. Так Сымон Барыс трапіў на службу ў авіяцыю ў дывізіён радыё- і святлозабеспячэння.

–  На наступны дзень свае чамаданы і сумкі мы выкінулі, –  узгадвае Сымон Барыс. –  Вопратку кожны загарнуў у сваю кашулю і хімічным алоўкам напісаў дамашні адрас. Яе пераслалі  дамоў.

Хацеў вучыцца, таму выбраў аддзяленне радыётэлеграфістаў

Пачалася служба. Узвод падзялілі на два аддзяленні: метэаролагаў і радыётэлеграфістаў-пелянгатаршчыкаў. На радыётэлеграфістаў вучылі дзесяць месяцаў, на метэаролагаў  –  на палову меней. Хлопцам далі права выбару.

З маладзёнаў рыхтавалі спецыялістаў для ўсёй ленінградскай ваеннай акругі.

– Я заўсёды хацеў вучыцца, –  заўважае Сымон Барыс. –  Таму выбраў радыёстанцыю. Пасля вучобы мне як рэдактару “Боевого листка” дазволілі выбраць месца службы. Я не стаў шукаць лепшага шчасця, застаўся тут – побач наў­гародскі педагагічны інстытут. Хацеў адслужыць і паступіць туды.  Так і здарылася.

Успаміны Сымона Барыса пра вайну 1941-1944 гадоў

Уцёк з дома, каб бацька не пайшоў на вайну

У той час землякі Сымона Барыса праводзілі мужчын на фронт. Слёзы дзяцей і мацярок. Пацалункі заплаканых жанчын. Жагнанне ля абразоў. Развітваліся і мала спадзяваліся на сустрэчу.

У той час землякі Сымона Барыса праводзілі мужчын на фронт. Слёзы дзяцей і мацярок. Пацалункі заплаканых жанчын. Жагнанне ля абразоў. Развітваліся і мала спадзяваліся на сустрэчу.

У той час землякі Сымона Барыса праводзілі мужчын на фронт. Слёзы дзяцей і мацярок. Пацалункі заплаканых жанчын. Жагнанне ля абразоў. Развітваліся і мала спадзяваліся на сустрэчу.

Тады маленькі хлопчык Сымон Барыс уцёк у хмызняк, каб бацька шукаў яго і не ішоў на фронт.

“Як толькі ён пацалаваў абраз, дык я і стаў уцякаць. Не хацеў развітвацца. Было балюча. Хацеў, каб тата жыў і не пайшоў ваяваць. Але ён пайшоў. Праўда, з  Куранца вярнуўся дамоў. Там ужо ў раённым ваенкамаце нікога не было”.

У ліпені 1944 года аб’явілі мабілізацыю. На зборы давалі не больш за суткі. У той час у вёсцы яшчэ жылі ў зямлянках.

– Другая ноч пасля провадаў майго бацькі была трывожнай і жахлівай, –  расказвае Сымон Барыс. – У хаце нечакана стала светла, як днём. У небе гарэлі ракеты, недзе рваліся бомбы. Бамбілі Маладзечна, а можа, і Вілейку.

Туды і пайшлі прызваныя мужчыны з Касічоў. Да фронту яны не дайшлі. Але ўсе ў вёсцы думалі, што гэта іх і бамбілі. Бамбілі нават не салдат, а цывільных. Некаторыя жанчыны пайшлі даганяць сваіх мужоў. Хваляваліся, што могуць раніць, забіць. Хацелі, можа, апошні раз убачыць сваіх блізкіх, дарагіх людзей. Праз дзень прыйшлі пахавальныя. Касічы на гэты раз бяда абышла бокам.

Пра горкі цукар і  завораны лубін

Маці тады яшчэ маленькага Сымона таксама пайшла даганяць мужа. Дагнала толькі ў мястэчку Краснае. Ад яго прынесла гасцінец – два кавалачкі цукру. Гэта быў салдацкі паёк бацькі на вячэру – ён аддаў яго сыну.

– Колькі было мне радасці – бацька мой жывы! А цукар аказаўся зусім горкім, бо я захварэў на водру і страціў смак, –  заўважае мужчына. – Маці лячыла мяне кампрэсамі, так раілі бабулькі. Лекараў тады ніякіх не было. Самі лячыліся, як ўмелі.

“Як на добрае, дык выжыве”, – гаварылі суседзі. Хлопчыку пашанцавала – выжыў.

Сымон Барыс расказвае, што потым з мамай яны заворвалі лубін. Яна тады параніла нагу – прычапілася рожа.

– Маці ўжо сабралася паміраць, – распавядае мужчына. – Яна расказала, хто мяне можа ўсынавіць. Назвала дзве сям’і, якія могуць мяне ўзяць на выхаванне. Сказала, каб я маліўся Богу і прасіў паратунку.

Паслала мяне  да народнай лекаркі ў Дразды (цяпер вёска Рускае Сяло). Там Стэфаніда Харлап замовіла ваду. Вада мела вялікую сілу –  маці па­чала папраўляцца.

Баяліся адкрываць салдацкія лісты –  раптам пахавальная

Потым  ішлі салдацкія лісты (“трохкутнікі”) з Румыніі, Чэхаславакіі і Германіі. Ішлі ў вёску лісты аб узнагародах, аб гераічнай смерці. Іх не чакалі, нават баяліся адкрываць, бо часцей былі  пахавальныя. Галасілі тады ў той хаце, куды зайшоў паштальён.

Нарэшце, у сям’ю Сымона Барыса прыйшоў доўгачаканы ліст з Кітая, ад бацькі. Толькі ў лютым 1946 года Сымон Барыс, тады яшчэ хлопчык, сустрэўся з ім. Спачатку не пазнаў, схаваўся за печ і заплакаў.

– Пасля бацька карміў мяне сухой кілбасой, частаваў пернікамі  і цукрам, – узгадвае мужчына. – Прывёз японскую шапку, у якой адкрываліся клапаны для вушэй. Калі ў той шапцы прыйшоў у школу, дык мяне пачалі дражніць і пабілі.

Тады да іх у хату прыйшла адзінокая Юлька Каркотка. Муж у яе памёр. А адзіны сын Іван прапаў без вестак на фронце. Жанчына хацела даведацца пра сына.

– Аднак мой бацька нічога не мог сказаць. Сам не бачыў, а іншыя гаварылі, што ім давялося адступаць і Івана Каркотку паранілі ў жывот. Падабраць яго тады не змаглі.

Пра гора расказвала кату і прыезджым людзям

Аднак жанчына не верыла ў гэта. Спадзявалася: можа, паранены, можа, трапіў у палон, можа, жыве за мяжой. Тыя, хто вяртаўся дадому, не абрадавалі старую. Яна ўсё роўна не пераставала чакаць.

У шафе вісела чыстая кашуля, гальштук і кепка сына.  Час ад часу яна іх перасушвала, мыла кашулю. Ішлі гады, ніхто не напамінаў ёй пра сына. Не хацелі наносіць душэўную рану.

Кватаравалі ў яе і настаўніцы, і студэнты, і рабочыя, калі прыязджалі капаць бульбу ў калгасе. Ім расказвала і пра вайну, і пра сына. Кату Ваську не раз распавядала пра сваё гора. Так і памерла старая, не дачакаўшыся сына.

Як родны бацька загубіў сына

Родны дзядзька Сымона Барыса павялічыў гады свайму сыну Івану, каб той менш служыў і хутчэй вярнуўся. На іх погляд, вайна ўжо канчалася. Дакументаў ніякіх, можна было нават памаладзіць яго. Але пасля шкадаваў аб гэтым усё жыццё, дакараў сябе за тое, што загубіў сына.   Не вярнуўся з вайны і зяць – памерлі абодва ў шпіталі ад ран.

Яўген Варановіч радаваўся, калі адыходзіў у армію. Радаваўся, што зможа адпомсціць ворагу за спаленую вёску Касічы, за яго спаленую хату, за спаленую сям’ю: жонку Соню, сына Ваню і дачку Соню, за забітых аднавяскоўцаў. І ён помсціў ворагам, не шкадуючы сябе.