Галоўным трэнерам каманды хутчэй за ўсё стане Аляксандр Гармаза.
Навіной пра тое, што ФК “Маладзечна-2013”больш не будзе прадстаўляць Маладзечна на рэспубліканскіх спаборніцтвах, паведаміў “Рэгіянальнай газеце” дырэктар клуба Аляксандр Любанец.
– Нам кіраўніцтва горада ясна дало зразумець, што зачыняе перад намі дзверы на карысць мясцовай каманды. Што будзе з клубам? Хутчэй за ўсё ён будзе ліквідаваны пасля таго, як мы выплацім усе запазычанасці.
Інфармацыю пра тое, што ДЮСШ-4 будзе прадстаўляць горад на рэспубліканскім чэмпіянаце, падцвердзіў загадчык сектарам спорту і турызму аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Кавалёў.
– Канчаткова гэта інфармацыя падцвердзіцца, калі мы пададзім заяўку. А адбудзецца гэта ў канцы студзеня. Пакуль жа папярэдне я магу сказаць, што горад прадставіць каманда, якую ўзначаліць або Аляксандр Гармаза, або Віталь Казяк.
Аляксандр Кавалёў падкрэсліў, што ў склад каманды ўвойдуць выхаванцы ДЮСШ № 4, мясцовыя футбалісты.
– Мы мяркуем, што дзякуючы гэтаму, балельшчыкі вернуцца на стадыён.
– Што паслужыла прычынай адмовіцца ад ФК “Маладзечна-2013”?
– Іх мінулагодні вынік на чэмпіянаце. Як вы ведаеце, каманда заняла 14 месца з 16. З ДЮСШ, я ўпэўнены, такога не паўторыцца. Мы ставім сваёй мэтай увайсці ў першую шасцёрку чэмпіянату.
– Што будзе з камандай ДЮСШ, якая прадстаўляла горад на абласным чэмпіянаце?
– Каманда застанецца. На абласных спаборніцтвах каманда будзе ўдзельнічаць і сёлета.
Аляксандр Кавалёў падкрэсліў, што на рэспубліканскім чэмпіянаце горад прадставіць менавіта каманда, а не клуб. А гэта значыць, што гульцы будуць выступаць без заробку.
– Але камандзе мы будзем дапамагаць, чым зможам. Па-першае, з формай, канешне ж.
Трэніроўкі каманды павінны пачацца з пачатку лютага. Маладзечанская каманда будзе называцца “ДЮСШ-4 Маладзечна”.
Каментар Аляксандра Гармазы чытайце ў “Рэгіянальнай газеце” у пятніцу, 16 студзеня.