Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту адкрылася ў Вілейцы 22 снежня. Працуе яно пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

І дагэтуль пры цэнтры было нямала гурткоў і клубаў для пажылых людзей.

– Раней яны працавалі пры розных аддзяленнях. Зараз гэта будзе мець  адну агульную сістэму, усе клубы і гурткі будуць працаваць пры адным аддзяленні, –  тлумачыць загадчыца аддзялення Марына Макарава

Што адкрыццё аддзялення дасць пенсіянерам?

– У нас з’явіцца больш магчымасцяў для арганізацыі культурнага адпачынку, вольнага часу пажылых людзей. Яны змогуць рэалізаваць сябе у розных сферах.  Словам, гэта магчымасць ім быць разам і атрымліваць новыя веды. Бо асноўная задача аддзялення – дапамагчы пажылым людзям пераадолець адзіноту, напоўніць жыццё новым сэнсам, стварыць умовы для раскрыцця іх творчага патэнцыялу, перайсці да актыўнага ладу жыцця, які яны часткова згубілі пасля выхаду на пенсію.

Аддзяленне працуе ад 8 да 17 гадзін у будныя дні па адрасе: вул. Маркава, 49.

Больш людзей і больш накірункаў

Разлічваюць, што адкрыццё аддзялення дапаможа ахапіць больш людзей  заняткамі ў ганчарнай майстэрні, гурткамі англійскай і нямецкай моў, камп’ютарнай пісьменнасці і іншымі. Ды і новыя накірункі асвояць.

У межах аддзялення плануецца наладзіць супрацоўніцтва з установамі культуры, цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, са святарамі.

У перспектыве – арганізацыя тэматычных сустрэч і лекцый. Будуць запрашаць спецыялістаў у галіне мастацтва, медыцыны і іншых – наладзяць своеасаблівы “ўніверсітэт трэцяга ўзросту”.

Аддзяленне адкрылася і ў Мядзеле

Падобнае аддзяленне адкрылася 23 снежня ў Мядзеле пры  мясцовым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту размясцілася па адрасе: вуліца 17 Верасня, 2. Гэта ў будынку раённага вузла паштовай сувязі, у пакоі на трэцім паверсе. 

Тут будуць працаваць шматлікія гурткі і аматарскія аб’яднанні. Прыкладам,  пенсіянераў навучаць працаваць на камп’ютары, розным відам рукадзелля.