Прэзентацыя “Зялёнай карты” ў Маладзечне адбылася 12 студзеня ў бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок”.

“Зялёная карта” або Greenmap.by уяўляе сабой карту ў інтэрнэце, на якую нанесеныя пункты збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, небяспечных адходаў і непатрэбных рэчаў.

Карта ахоплівае 18 беларускіх гарадоў. Налічвае каля тысячы пунктаў з інфармацыяй пра тое, куды аднесці адходы, а таксама непатрэбныя, але добрыя рэчы: вопратку, кнігі, мэблю, бытавую тэхніку. У нашым рэгіёне карта зробленая для Маладзечна і Мядзела.

Сабраць і занесці ў базу інфармацыю аб горадзе дапамагаў маладзечанец Канстанцін Чыкалаў.

– У Маладзечне на карце нанесеныя 15 пунктаў збору адходаў і рэчаў, – распавяла каардынатар праекта “Зялёная карта” Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя Сума. – Зараз валанцёры дапаўняюць яе. Пры гэтым у жыхароў горада ёсць магчымасць правільна ўтылізаваць ўсе віды адходаў.

Марыя Сума заклікала маладзечанцаў, каб яны ўдзельнічалі ў развіцці праекта. Заходзілі на карту, каментавалі, наколькі добра працуе той ці іншы пункт, дабаўлялі новыя.

Для “Зялёнай карты” створаныя мабільныя дадаткі для аперацыйных сістэм Андроід і iOS