Напрыканцы мінулага тыдня заўзятары “Смаргоні” агучылі інфармацыю,  што футбольны клуб можа пазбавіцца фінансавання на наступны сезон і адпаведна быць ліквідаваны.

– Горад маленькі, чуткі разыходзяцца хутка, – кажа заўзятар “Смаргоні” Арцём Войтка. − Адразу ж вырашылі, што трэба пісаць петыцыю, каб захаваць клуб. На гэтым тыдні збіраемся напісаць. Мяркую, маладзечанскія фанаты нам дапамогуць.

Нагадаем, што летась заўзятары “Маладзечна-2013” пісалі петыцыю з просьбай знайсці сродкі і даць шанец камандзе на ўдзел у сезоне 2014 года. Тады атрымалася.

Праўда, на днях “РГ” паведамляла, што ФК “Маладзечна-2013” ліквідуецца, а на рэспубліканскіх спаборніцтвах горад прадставіць каманда ДЮСШ-4.

“Няўжо каманда не выкараскаецца?”

Арцём гаворыць, чаму клуб павінен існаваць:

– Навошта тады ў нас спартшкола, навошта пабудавалі новы стадыён са штучным пакрыццём? Каманда існуе з 1987 года. Яна была ў розных сітуацыях, няўжо ж цяпер не выкараскаецца?

– Мэта – адваяваць удзел клуба ў першай лізе ці хаця б захаваць?

– Хочам адстаяць клуб як прафесійную каманду ўзроўню першай лігі. Каб ён развіваўся, як і раней. Але калі не атрымаецца, то хаця б удалося проста захаваць клуб, і каб гулялі свае выхаванцы.

– У канцы месяца мы плануем сабрацца ўсім нашым фанацкім калектывам. І любы ахвочы таксама можа прыйсці на сустрэчу, – дадае заўзятар Яўген. – На сустрэчы хочам абмеркаваць праблему і вырашыць, як паступіць. Для пачатку плануем схадзіць да кіраўніцтва клуба і ўсё ўдакладніць. Нагадаю, што наш клуб заняў у мінулым сезоне чацвертае месца ў першай лізе!

Фанаты не хочуць мірыцца з тым, што каманда, якая заняла чацвертае месца ў першай лізе, можа проста перастаць існаваць. Фота з афіцыйнай старонкі ФК “Смаргонь”.

Фанаты не хочуць мірыцца з тым, што каманда, якая заняла чацвертае месца ў першай лізе, можа проста перастаць існаваць. Фота з афіцыйнай старонкі ФК “Смаргонь”.

“Добры басейн і каток больш патрэбныя”

Тым часам жыхары горада на форуме smargon.org актыўна абмяркоўваюць сітуацыю. Часам жорстка, з пераходам на асобы. 

Аргументы заўзятараў прыводзілі вышэй. Прывядзём іншыя меркаванні.

Карыстальнік baspru піша: “Нарэшце зразумелі, што мільёны і мільёны, выдаткаваныя на клуб, можна выдаткаваць на нешта больш вартае. Інвентар для школ і спартыўных школ, рамонт басейна, спартыўныя пляцоўкі ў кожным двары, развіццё (нармальнае фінансаванне) дзіцяча-юнацкага футбола для пачатку. Хаця, як здаецца, не дадуць сюды, і да вышэйсказанага таксама не дойдзе нічога”.

Juljetta прызнаецца: “Да футбола ніякага дачынення не маю. Пра ФК “Смаргонь” ведаю, што ён у горадзе ёсць. Маё асабістае меркаванне, што ён мае месца быць. Але марнаваць на гэта грошы бюджэту і прадпрыемстваў раёна, мякка кажучы, не варта. Хай моцна ахвочыя спонсары падтрымліваюць. Тут я пагаджуся, што добры басейн і каток намнога больш патрэбныя гораду”.

Звярнуліся у футбольны клуб “Смаргонь” з просьбай пракаментаваць сітуацыю. На момант выхаду артыкула адказу яшчэ не было. Будзем сачыць за развіццём падзей.

У камандаў з Гродзеншчыны – праблемы

Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой на нарадзе па выніках выступлення “Нёмана” прыгадаў каманды з Гродзеншчыны, якія выступаюць у першай і другой лігах:

“У мастоўскага  “Нёмана” ў другой лізе, у “Слоніма” і “Смаргоні” цяпер вялізныя праблемы”.

Нагадаем, што да пераезду ў Гродна Мечыслаў Гой узначальваў Смаргонскі райвыканкам.

Паводле football.by.