У дзіцячым цэнтры “Надзея” 10 студзеня прайшлі 37-я рэспубліканскія спаборніцтвы па ката шатакан каратэ-до “Буслік на татамі “Надзеі”.

У спаборніцтвах прымалі ўдзел больш за 60 прадстаўнікоў з Мінска, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Гэта юныя спартсмены ва ўзросце ад 6 да 15 год, а таксама іх інструктары і бацькі.

Спаборніцтвы праекта “Буслік – сябар Тапаліна” праводзяцца па мадэлі міжнародных дзіцячых фестываляў “Трафеі Тапаліна” ў Італіі. У нашай краіне пачалі праводзіцца з 1999 года.  Летась яны ўпершыню адбыліся за межамі Мінска – у “Надзеі”. Сёлета яны праходзілі на базе дзіцячага цэнтра ў другі раз. 

Прыехала нямала ганаровых гасцей.  Галоўнай суддзёй спаборніцтваў была шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, заслужаная майстар спорту Беларусі, ўладальніца шостага дана, суддзя міжнароднай катэгорыі Святлана Вількіна.

Перад удзельнікамі з паказальным нумарам выступілі акрабаты з Вілейскай ДЮСШ (трэнер Таццяна Літвіновіч).

Фота забяспечана Таццянай Майсак.

Фота забяспечана Таццянай Майсак.

Кульмінацыяй спаборніцтваў стала ўзнагароджанне пераможцаў. Шасці юным спартсменам уручылі ўзнагароды за майстэрства.

Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі салодкія прызы. Гэта цукеркі пад назвай “Буслік”, якія на фабрыцы “Камунарка”спецыяльна зрабілі для гэтага выпадку.

А яшчэ з паказальнымі выступленнямі выступілі тытулаваныя спартсмены.

Пра ўсё гэта расказала вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю “Надзеі” Таццяна Майсак.