Гасцей сустракалі 8 студзеня ў Куранецкім інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў і Іжанскай бальніцы сястрынскага догляду на Вілейшчыне.

Сюды з падарункамі прыехалі валанцёры Чырвонага Крыжа, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, намеснік дырэктара Вілейскага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната Роза Ількевіч.

А з імі была творчая група: Ірына Новік, Казімір Таўстыка, Антаніна Гарчакова, Барыс Манцэвіч, танцавальны калектыў “Карагод” вілейскай гімназіі №2. Гучалі песні, вершы, байкі. Хто са старых людзей яшчэ ў сілах, то і патанцаваў – хай з кіёчкам.

Такія візіты праводзяць тройчы на год. Прымяркоўваюць іх да навагодніх святаў, Вялікадня і Дня пажылых людзей.

– Бабулі і дзядулі вельмі нас чакаюць. Распытваюць у кіраўніцтва, ці прыедзем, – кажа старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях. – Так шчыра радуюцца пры сустрэчы, так кранальна праводзяць, што расчульваюць да слёз. І запрашаюць прыязджаць яшчэ.