Дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа Ігар Кіцікаў першы раз акунуўся ў халодную ваду ў пяць год. Навучыў гэтаму бацька.

– Бацька ў мяне быў суворы, – жартуе Ігар Кіцікаў. – Прымушаў лезці ў халодную ваду. А калі шчыра, то ў дзяцінстве мы жылі каля Вішнеўскага возера. У бацькі пачынаўся купальны сезон ад 1 мая. Ад гэтага часу ён пачынаў плаваць. Калі я быў маленькі, то ўвесь час прасіў, каб і мяне браў з сабой. Нарэшце, у пяць год, мая мара ажыццявілася.

Акунацца ў ваду зімой – як скакаць з парашутам Такое параўнанне прывёў дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Акунацца ў ваду зімой – як скакаць з парашутам Такое параўнанне прывёў дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Акунацца ў ваду зімой – як скакаць з парашутам

Такое параўнанне прывёў дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа:

– Спачатку становіцца страшна, – дзеліцца ўражаннямі мужчына. – Калі ж акунуўся, адчуваеш гонар, што здолеў гэта зрабіць.

Ігар Кіцікаў гаворыць, што спачатку адчуваеш, як тысячы маленькіх іголачак праходзяць па целе. А пасля − прыемная гарачыня.

Дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа адзначае, што не было выпадкаў, каб захварэў пасля таго, як купаўся зімой.

 – Наадварот, пасля гэтага адчуваеш прыліў энергіі, сіл. А вось часам здараецца, калі ў дрэннае надвор’е падвядзе абутак і прамокнуць ногі – тады магу і захварэць.

Ігар Кіцікаў купаецца на Салдацкім возеры, на Вілейскім вадасховішчы, на Віліі

Ігар Кіцікаў купаецца на Салдацкім возеры, на Вілейскім вадасховішчы, на Віліі

Ігар Кіцікаў адзначыў як біёлаг: калі акунаешся ў ваду нават у халоднае надвор’е, то ў арганізме ўключаюцца ахоўныя функцыі. Таму хваробы і не чапляюцца да такога чалавека.

Купальны сезон ніколі не заканчваецца

Мужчына прааналізаваў і этымалогію свайго прозвішча. У корані закладзенае слова “кіт”. А гэта істота, якая заўсёды ў вадзе. Таму ён лічыць, што жыццё само наканавала плаваць. Дарэчы, Кітом яго часам называюць сваякі, сябры і нават навучэнцы.

Ігар Кіцікаў гаворыць, што для яго купальны сезон ніколі не заканчваецца.

– Некаторыя здзіўляюцца, як можна акунацца ў ваду зімой, – расказвае мужчына. – Гавораць, што яна халодная. Я вам як географ адкажу, што вада халоднай не бывае! Халодная яна толькі тады, калі замерзла і ператварылася ў лёд.

Лепш купацца, калі марозна

У марознае надвор’е пасля купання можна яшчэ крышачку прабегчыся з сабакам, дзеліцца сваімі ўражаннямі аматар зімовага плавання.

Ігар Кіцікаў купаецца на Салдацкім возеры, на Вілейскім вадасховішчы, на Віліі. Таксама ездзіў у Даманова. Мужчына адзначае, што ў Вілейцы ёсць каля дзесяці чалавек, якія рэгулярна купаюцца. З работнікаў прафесійна-тэхнічнага каледжа зімой купаецца і настаўнік фізічнай культуры Міхаіл Батура.

Першыя крокі да загартоўвання робіць і жонка, Ларыса. Яна пасля лазні абціраецца снегам. Дачка Лада любіць купацца, аднак толькі ў цёплай вадзе, зімой пакуль не рызыкавала.

Усім, хто будзе акунацца на Вадохрышча, Ігар Кіцікаў раіць не баяцца, верыць у свае сілы. І тады ўсё атрымаецца.

Парады доктара для тых, хто будзе акунацца на Вадохрышча

Участковы доктар-тэрапеўт загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення маладзечанскай паліклінікі №3 Жанна Кісель расказала, што лепш падрыхтавацца загадзя, перш чым акунацца ў халодную ваду.

– Калі чалавек акунаецца ў халодную ваду, арганізм адчувае моцны стрэс, – заўважае доктар.  − Калі чалавек здаровы, то ахоўныя сілы арганізма мабілізуюцца. Калі ж хворы, то часта гэта прыводзіць да захворванняў, напрыклад, ангіны, ларынгіту, вострых рэспіраторных захворванняў.

Доктар не рэкамендуе акунацца ў ваду людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Сасуды могуць рэзка звузіцца, што можа прывесці да інфаркту, можа павысіцца ціск. Людзям з хранічнымі захворваннямі, захворваннямі мочапалавой сістэмы, гінекалагічнымі хваробамі таксама лепш не рызыкаваць сваім здароўем.

Рыхтуйцеся загадзя, каб акунацца ў халодную ваду

Пачынаць можна з кантраснага душа, ха­дзіць босым па расе. Таксама займацца фізкультурай: бегаць, рабіць практыкаванні. Насіць больш лёгкае адзенне, чым раней.

Жанна Кісель  рэкамендуе акунацца хуценька тры разы. Пасля выцерціся ручніком, апрануць цёплае адзенне. У вадзе быць не больш за адну хвіліну. Пажадана не акунацца з галавой, можа адбыцца спазм сасудаў. Перш чым лезці ў ваду, варта разагрэць мышцы – зрабіць некалькі практыкаванняў.

– Непажадана акунацца ў ваду дзецям, якія часта хварэюць, – гаворыць тэрапеўт. – У іх яшчэ не адаптаваны імунітэт. Вага дзіцяці меншая, чым вага дарослага, таму пераахаладжэнне можа наступіць хутчэй. 

Ні ў якім выпадку нельга акунацца ў ваду п’яным. Рэакцыя арганізма можа быць непрадказальная. Падчас алкагольнага ап’янення змяншаецца болевы парог, чалавек можа не адчуць болю.

Дзе акунуцца на Вадохрышча

У Ашмянах на Вадохрышча можна акунуцца ў палонцы каля ДРСУ-28, у Валожыне – у крыніцы Серафіма Сароўскага, у крыніцы ў вёсцы Лоск.

У Вілейскім раёне кожны год людзі акунаюцца ў Віліі, на вадасховішчы, у крыніцы ў Даманове.

Чытач “Рэгіянальнай газеты” адзначае, што ў Даманова з’язджаецца такая колькасць людзей, што, каб акунуцца ў палонцы, па тры гадзіны чакаюць сваёй чаргі.