Чытач “РГ” Яўген Мумрыкаў прынёс у рэдакцыю артыкул з маладзечанскай газеты “Святло камунізму” за 1985 год.

У нумары за 4 жніўня журналіст і краязнаўца Вячаслаў Ляшковіч распавядаў пра аварыю на пуцеправодзе ў публікацыі сатырычнага жанру фельетона.

Мы некалькі разоў пісалі пра гэта здарэнне: шукалі сведкаў, гутарылі з імі, узгадвалі пра былых работнікаў маладзечанскай міліцыі.

Усё пачалося з таго, што цяперашнія супрацоўнікі міліцыі апублікавалі здымак аварыі са свайго архіва. Пад ім не было подпісу, таму шукалі тых, хто штосьці ведае пра гэты выпадак.

Сёння мы пераказваем змест даўно надрукаванага фельетона ў “Святле камунізму”, дзе напісана не толькі пра само здарэнне, але і яго перадгісторыя.

Усё пачалося праз парасят

Цешча Уладзіміра Драгуна, загадчыка гаража, жыла ў Валожынскім раёне. Жанчына гадавала свінню, якая хутка павінна была парасіцца. Дамовілася з зяцем, што, калі з’явяцца парасяты і крыху падрастуць, той возьме машыну і адвязе іх на кірмаш у Ракаў.

Уладзімір Драгун падлічыў, колькі  будзе навару на іх продажы. Калі бясплатна ўзяць міжкалгасную машыну і па мінімуму заплаціць кіроўцу, то на гэтым ён зэканоміць больш за 60 рублёў.

 У 1985 годзе кілбаса “Доктарская” каштавала 2 рублі і 20 капеек. Атрымліваецца, за 60 рублёў ён мог набыць 27 кілаграмаў кілбасы (ад рэд.).

 “Чарка” – важкі аргумент

Калі парасяты падраслі, пачаў дамаўляцца з шафёрам Францам Маркоўскім. Прывабіў яго тым, што шафёр зможа пагасціць у маці ў вёсцы Захажэва, з’ез­дзіць у Ракаў. Больш важкім аргументам была “чарка”, якую разап’юць ў Маладзечне. Загадчык гаража ведаў, што кіроў­ца не зможа адмовіцца.

Жонка Уладзіміра Драгуна выпісала пуцявы ліст з патрэбнымі пячаткамі.

29 чэрвеня, у суботу, загадчык гаража паехаў да цешчы ў вёску Селішча, а кіроўца – да маці ў Захажэва. У нядзелю мужчыны зноў сустрэліся, загрузілі ў машыну парасят і паехалі на кірмаш. Там выгадна іх прадалі. Цешча Уладзіміра Драгуна ўзрадавалася гэтаму да такой ступені, што замест “бакштанкі” (самагонкі – ад рэд.) наліла ім чысцюткага спірту.

У Маладзечне загадчык гаража, як і абяцаў, запрасіў кіроўцу на смажаніну і чарку. Той пагнаў машыну ў гараж і хутка вярнуўся.

– Я не пытаўся, ці паставіў кіроўца машыну на месца, – адзначае Уладзімір Драгун. – Сам гэтага не бачыў. Ды і дзе было бачыць і пытацца, калі на стале сквірчэла патэльня.

Да апоўначы мужчыны замочвалі выгадны продаж.

Не памятае, як ездзіў на машыне і трапіў у аварыю

Франц Маркоўскі не памятае, дзе пасля гэтага ездзіў на машыне. Знайшлі яго ў цешчы. Аднак сп’яну сцвярджаў, што быў у жанчыны. Хаця ўся падушка і твар вінаватага былі ў крыві.

Аказваецца, ён п’яны ездзіў па горадзе да таго часу, пакуль яго не спыніў бардзюр на пуцеправодзе. Машына ад удару развалілася на дзве часткі. Міліцыя настойліва шукала гаспадара аўтамабіля. Франц Маркоўскі спачатку адпіраўся, аднак яго віну было не цяжка даказаць.

Машына ад удару развалілася на дзве часткі.

Машына ад удару развалілася на дзве часткі.

Шкода ад аварыі больш за 500 рублёў

Франца Маркоўскага пазбавілі правоў кіроў­цы на тры гады, перавялі на работу слесарам  трэцяга разраду.

На Уладзіміра Драгуна пасля аварыі толькі пасварыліся за тое, што даў кіроўцу машыну і ўцягнуў яго ў п’янку.

Шкода за аднаўленне сігнальнага маячка і аб’ёмнага дарожнага знака на размежавальным бардзюры – 225 рублёў.

За эксплуатацыю і рамонт машыны разлікі зрабілі па цане старых дэталяў, атрымалася 222 рублі, і па цане новых дэталях – 388 рублёў.

Аўтар артыкула Вячаслаў Ляшковіч гаворыць, што “калі страты ацэньваць па новых запасных частках для рамонту аўтамабіля, то агульны кошт матэрыяльнай шкоды перавысіць 500 рублёў”. А за гэта трэба заводзіць ужо крымінальную справу.

Аднак праз два месяцы пасля аварыі было не­вядома, каму прад’я­вяць іск – ці Ула­дзіміру Драгуну, ці Францу Маркоўскаму.