У кагосьці з супрацоўніц МНС пры ўспаміне аб здарэннях халадзее ўнутры, а хтосьці спакойна п’е каву, разглядаючы фотаздымкі трупаў.

Мы задалі тры пытанні прадстаўніцам цудоў­най паловы чалавецтва, якія працуюць у шасці раённых аддзелах па надзвычайных сітуацыях:

1.     Чаму выбралі сваёй прафесіяй службу ў МНС?

2.     Ці дапамагаюць мужчыны-калегі?

3.     Ці выязджалі на здарэнні?

Чаму пытанне мы задалі толькі шасці, спытаеце вы? А таму, што ў Ашмянскім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях не працуе ніводнай жанчыны.

СМАРГОНЬ. Афіцэрскі састаў Смаргонскага райаддзела таксама абдзелены жанчынамі. Але тут працуе Таццяна Прусаковіч, спецыяліст групы навучання і прапаганды.

Перад тым, як прыйсці працаваць у МНС, Таццяна пабыла і педагогам, і журналістам. Таму праца ў інспекцыі стала для яе своеасаблівым сінтэзам гэтых дзвюх прафесій. З аднаго боку – гэта праца з дзецьмі, з іншага – магчымасць заявіць пра сябе ў СМІ.

З калектывам, прызнаецца Таццяна, ёй вельмі пашанцавала. А яшчэ больш пашанцавала з кіраўніком. Начальнік Смаргонскага РАНС Максім Шыхалёў, як прызнаецца Таццяна, яшчэ ні разу не адмовіў у дапамозе ці парадзе.

– У жанчыны, якая працуе ў мужчынскім калектыве, ёсць свая зброя – усмешка.

– Мне дастаткова ўсміхнуцца і сказаць некалькі прыемных слоў сваім калегам, каб яны спачатку зрабілі маю работу, а толькі потым сваю, – кажа Таццяна.

Што датычыцца надзвычайных сітуацый, то пораху, як кажуць, Таццяне пакуль панюхаць не ўдалося.

– Але ўсе відэа са здарэнняў, усе фота я прапускаю праз сябе. І праца ў МНС навучыла мяне ніколі не пакідаць электрапрыборы ў рэжыме чакання. Я прымусіла мужа па ўсёй кватэры павесіць пажарныя апавяшчальнікі. Жарты жартамі, а я цяпер дакладна ведаю, што такі апавяшчальнік можа і жыццё выратаваць.

На дзяжурстве ў Мядзеле не мыюць машыну, а ў Астраўцы не чысцяць маячкі

МЯДЗЕЛ. Ірына Карапецян, інспектар групы прапаганды і навучання Мя­дзельскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях, прызналася, што пагоны марыла насіць заўсёды. Таму выбар стаяў толькі паміж МНС і міліцыяй.

Ірына прызнаецца, што, калі працавала дыспетчарам, адна ніколі не дзяжурыла. Хлопцы-выратавальнікі, якія выходзілі на сваё дзяжурства, ніколі не клаліся спаць. А сядзелі побач з Ірынай усю ноч.

– І на званкі тэлефонныя маглі самі адказаць. Шкадавалі мяне. Увогуле, за паўтара года, што я працавала дыспетчарам, на маіх дзяжурствах былі толькі чатыры пажары. Калегі кажуць, што я шчаслівая. А ёсць у нас у аддзеле такая парачка, дыспетчар і дзяжурны, што, калі дзяжураць яны, абавязкова нешта здараецца. У нас і жарт такі ёсць, што ў Мядзеле пажары здараюцца суткі праз двое.

А яшчэ тут вераць у прыкмету, што калі перад дзяжурнай зменай вымыць машыну, то абавязкова давядзецца выехаць на пажар.

АСТРАВЕЦ. Анастасія Бяйцюк, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Астравецкага райаддзела, таксама прыгадала, што і ў Астраўцы ў дзяжурных шмат прыкмет. Але, у адрозненне ад Мядзела, машыны яны мыюць, а вось маячкі – не. А яшчэ дыспетчар ніколі не будзе праціраць тэлефон перад зменай. Інакш трубку ўсю ноч не пакла­дзеш.

Анастасія насіць форму марыла з дзяцінства. Цяпер, калі мара здзейснілася, прызнаецца, што сваю работу не прамяняе ні на што.

– Так, бывае цяжка. І не магу сказаць, каб нехта з калег-мужчын рабіў маю працу. Але ў нас у аддзеле ўзаемадапамога.

Я магу, напрыклад, за кагосьці з калег зрабіць нейкую папяровую справу, а яны за гэта выедуць на здарэнне замест мяне.

Самае прыемнае ў працы выратавальнікаў, кажа Насця, гэта падзяка людзей.

ВІЛЕЙКА. У Вілейскім жа райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, прызнаецца інспектар групы прапаганды і навучання На­дзея Літвіновіч, палёгкі няма. Усе калегі працуюць на роўных.

– Ды я і не скарджуся! Сама хацела насіць пагоны. Я чалавек баявы, маю чорны пояс па каратэ. Хутчэй, мае хлопцы ў мяне просяць дапамогі, – жартуе Надзея.

Калі прыйшла працаваць інспектарам, ёй даводзілася часта разглядаць фотаздымкі і відэа з месцаў здарэння. 

І першы час, прызнаецца, усе гэтыя малюнкі доўга перад вачыма стаялі.

– Я цяпер магу каву піць і фоткі з трупамі разглядаць.

Да ўсяго прывыкаеш.

“Успамінаю, як ратавалі вёску, і ўсё халадзее ўнутры”

ВАЛОЖЫН. – Як успомню, як тушылі пажар у вёсцы Скарынкі Івянецкага сельсавета, – расказвае інспектар Валожынскага райаддзела Алеся Радзвіловіч, – да гэтага часу ўсё ўнутры халадзее.

Летам у лесе, непадалёк ад Скарынак, здарыў­ся пажар. А вёска акурат ля лесу стаіць. На ўскрайку яе загарэўся хлеў. Каб агонь не перакінуўся на жылыя пабудовы, сцягнулі ўсе сілы МНС, падключылі лясгас, далучыліся ўсе жыхары вёскі. З агнём справіліся, вёску выратавалі.

– Праца ў МНС мне падабаецца. А сябры мае лічаць, што я трохі павернутая на сваёй працы. Таму што, калі прыходжу ў госці да сяброў, у першую чаргу ўвагу звяртаю не на карціны і люстры, а ці ёсць у доме пажарны апавяшчальнік.

МАЛАДЗЕЧНА. Ксенія Таратута, інспектар Маладзечанскага райаддзела, з дзяцінства марыла быць ваенным лётчыкам. Але дзяўчат у лётчыкі не бралі.

– Затое, калі я паступала, даведалася, што ў МНС прымаюць дзяўчат.

У Маладзечанскім МНС, кажа Ксенія,  няма палёгкі дзяўчатам. Тут працуюць па прынцыпе: надзеў пагоны, будзь гатовы працаваць.

Кожны пажар, на які даводзілася выязджаць Ксеніі, яна памятае.

– Але я не хацела б пра гэта гаварыць, таму што за кожным з іх чалавечая трагедыя. А самае прыемнае ў працы ў МНС, – працягвае Ксенія, – гэта праца з людзьмі, з дзецьмі. Гэта перамогі ў спаборніцтвах. І што хаваць, каб не МНС, я не пазнаёмілася б са сваім мужам, які працуе начальнікам каравула ў Чысці.

Дома Ксенія і Дзмітры пра работу не гавораць.

– Гэта таму, што Дзмітры таксама працуе ў МНС, а так бы я кожны вечар яму расказвала б пра сваю працу ў падрабязнасцях!