Ад 12 па 16 студзеня 28 вучняў 8-11 класаў устаноў адукацыі Вілейшчыны прынялі ўдзел у трэцім (абласным) этапе рэспубліканскіх алімпіяд.
Дыпломы першай ступені атрымалі два з іх, паведамляецца на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Гэта Андрэй Жаўняровіч з Куранецкай сярэдняй школы (па хіміі) і Яўген Ручыц з Вілейскай гімназіі №1 “Логас” (па працоўным навучанні).
Дыпломы другой ступені заваявалі Алеся Кузьміч (Вілейская гімназія №2) – па працоўным навучанні, Марыя Шна (Любанская СШ) – па рускай мове і літаратуры, Марыя Сарока (гімназія №2) – па беларускай мове і літаратуры.
Дыпломаў трэцяй ступені ўдастоены восем удзельнікаў. Па беларускай мове і літаратуры – вучаніцы гімназіі №1 “Логас” Карына Шупенька і гімназіі №2 Надзея Клімёнак.
Таксама дзве вучаніцы вызначыліся па рускай мове і літаратуры: Аляксандра Фірага з гімназіі №2 і Марыя Пракаповіч з СШ №3 Вілейкі.
Па фізіцы дыпломы трэцяй ступені заваявалі вучні Даўгінаўскай СШ Дзяніс Яскевіч і гімназіі №1 “Логас” Канстанцін Кулак. Па астраноміі – Іван Клямёнак з гімназіі №2, па працоўным навучанні – Віталь Таргачоў з Людвіноўскай СШ.
Па выніках трэцяга этапу вызначаць склад камандаў Мінскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Пройдзе ён у сакавіку.