Станцаваць мазурку, абыграць карнета ў віст і разглядзець намёк прыгожай дамы ва ўзмаху яе веера была магчымасць у тых, хто 17 студзеня наведаў першы дабрачынны баль у музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.

Фотагалерэя месціцца справа ўверсе. Каб павялічыць фотаздымак, націсніце на яго.

Пра падрыхтоўку да балю, само мерапрыемста і калі смаргонцам і гасцям горада давядзецца яшчэ раз прымераць на сябе ўборы пазамінулага стагоддзя “Рэгіянальнай газеце” расказала адна з арганізатараў балю дырэктар дабрачыннага фонду “Паў­ночныя Афіны М.К. Агінскага” Ала Шыцікава.

Студзеньскім суботнім вечарам у музей-сядзібу прыехала каля 80 гасцей. І каб не фотаапараты, тэлефоны і камеры, якія выдавалі тое, што дзеянне адбываецца ўсё ж у XXI стагоддзі, па ўборах гасцей можна было падумаць, што вось-вось на парозе сядзібы з’явіцца сам гаспадар Міхал Клеафас Агінскі і запросіць дарагіх гасцей унутр.

Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка да балю пачалася яшчэ ў верасні, у дзень правядзення паў­сюль панавала імправізацыя. Распарадчык балю скамандаваў пачатак танцавальнай праграмы, і ўсе госці, нават тыя, хто бальныя танцы бачыў толькі па тэлебачанні, па ўзмаху рукі распарадчыка пайшлі танцаваць.

Як прызналася Ала Шыцікава, яна таксама ўдзельнічае і рыхтуе такое мерапрыемства ўпершыню, таму ўвесь сцэнар балю, які, дарэчы, доўжыўся чатыры гадзіны, падгледзелі ў Льва Талстога, у яго рамане “Вайна і мір”. Таму і баль у Залессі працаваў па прынцыпе салонаў. Ахвотныя маглі наведаць літаратурны або гульнявы салон. У гульнявым гасцей вучылі гуляць у старажытную картачную гульню віст.

Усе госці на балі размаўлялі на беларускай мове.

Паколькі баль быў дабрачынным, напрыканцы свята зладзілі дабрачынны аўкцыён. На ім у якасці лотаў прадставілі вырабы мясцовых мастакоў і рамеснікаў. Самы дарагі лот каштаваў 600 тысяч рублёў. Ім была рэпрадукцыя карціны Леанарда Ходзькі “Залессе”. Набыў яе прадпрымальнік са Смаргоні Сяргей Залескі.

Грошы ад аўкцыёна і білетаў пералічаныя ў фонд “Паўночныя Афіны” і пой­дуць на набыццё новых экспанатаў у музей-сядзібу Агінскага.

Балі ў Залессі плануюць праводзіць рэгулярна. Але ці будзе восеньскі, прымеркаваны да дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, гаварыць пакуль рана. Яшчэ не адгучаў паланэз першага, студзеньскага, ба­лю.