Людзі, якія няправільна харчуюцца, рызыкуюць набыць сабе праблемы са сном, сардэчна-сасудзістай сістэмай і лішняй вагой. Участковы доктар-тэрапеўт загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі №3 Жанна Кісель раіць, што есці, каб не мець такіх праблем, і як правільна харчавацца.
Доктар адзначае, што галоўнае, каб харчаванне было разнастайнае і збалансаванае. Есці трэба рэгулярна – тры разы на дзень.
Перакусы вядуць да паўнаты
– Калі чалавек галодны, то ў яго раздражнёная слізістая абалонка страўніка, парушаецца яго работа, – гаворыць доктар. – Страўнік працуе больш актыўна, вылучае большую колькасць сокаў, якія павінны ісці на пераварванне ежы. Атрымліваецца, арганізм працуе ўпустую.
Нерэгулярныя прыёмы ежы прыводзяць да застою ў страўніку. Гэта ў далейшым выклікае праблемы з пераварваннем ежы, з пазбаўленнем яе з арганізма.
– Людзі, якія харчуюцца незбалансаванай ежай, а перакусваюць, у большасці выпадкаў ужываюць нездаровую ежу – гамбургеры, чыпсы, булачкі, – заўважае Жанна Кісель. – Гэтыя стравы вельмі смачныя, аднак карысці не нясуць. Вугляводы, якія ёсць у гэтых стравах, накопліваюцца ў арганізме, паступова прыводзяць да праблем з лішняй вагой.
Калі ж чалавек не можа адмовіцца ад перакусаў, лепш з’есці садавіну. Яна адгоніць голад, будзе спрыяць таму, каб не было застою ў страўніку.
Не ешце хутка – не будзе лішняй вагі
Тыя, хто есць хутка, таксама рызыкуюць мець праблемы з лішняй вагой.
– Не спяшайцеся есці, – раіць спецыяліст. – Тады хутчэй прыходзіць адчуванне насычэння. Галаўны мозг паступова рэагуе, што арганізм сыты. Калі ж чалавек есць хутка, то мозг не паспявае зарыентавацца, таму прыходзіцца з’есці нашмат больш, чым звычайна. Але пасля гэтага прыходзіць адчуванне цяжкасці ў страўніку.
Правільна спалучайце прадукты
Ноччу адпачываеце самі, значыць, дайце спакой і страўніку. Часта чалавек з перагружаным страўнікам доўга не можа заснуць. Таксама ад начнога пераядання можа сціскацца дыяфрагма, таму сэрца не будзе працаваць на поўную моц.
– Важна правільна спалучаць прадукты. Напрыклад, рыбу і мяса лепш есці з гароднінай, салатамі з яе, – гаворыць спецыяліст. – Гэта паляпшае пераварванне, больш насычае арганізм, змяншае ўзровень халестэрыну. Калі змешваць розныя стравы за адзін прыём ежы, страўніку горш зарыентавацца, ежа пераварваецца даўжэй. А чалавек адчувае цяжкасць.
Ваду, чай, каву лепш не піць у час і пасля яды. Гэта ўскладняе пераварванне. Таму лепш ужываць ваду за гадзіну, паўгадзіны да прыёму ежы.
Не злоўжывайце чаем і кавай, у якіх ёсць кафеін, ад якога можа павысіцца ціск, балець галава.
Шыпучыя напоі перабіваюць апетыт
– Таксама такія напоі раздражняюць слізістую абалонку страўніка, – сцвярджае Жанна Кісель. – Чалавек адчувае цяжкасць, уздуцце. Асабліва важна прытрымлівацца гэтага правіла людзям, якія маюць праблемы са страўнікам.
Менш ужывайце тлустых страў: смятаны, маянэзу, цвёрдых сыроў. Халестэрын адкладваецца на сценках сасудаў, пасля ад гэтага церпіць сэрца. Мяса лепш ужывайце поснае, курыцу – без скуркі. Гэта простыя правілы, каб пазбегнуць атэрасклерозу сасудаў.
Тым, хто любіць салодкае, медык рэкамендуе замяняць салодкасці сухафруктамі, ягадамі, гароднінай, стравамі з пекцінам – зефір, мармелад.
На абед можна абысціся без супу
Традыцыйны абед складаецца з першай стравы – супу, другой стравы і кампоту.
– Канешне, першыя стравы карысныя для страўніка. Спрыяюць таму, каб у чалавека не было гастрыту, язвы, – адзначае медык. – Аднак не ва ўсіх атрымліваецца есці іх у абед. Таму смела можна ўжываць толькі другія стравы. А ўвечары з’есці суп.
Калі раніцай доктар раіць есці кашу, каб пачаць работу страўніка, то на абед лепш мясныя стравы, рыба ў спалучэнні з гароднінай. Такая ежа будзе спрыяць лепшай рабоце, дасць сілы да канца дня.
Спецыяліст не раіць есці на абед стравы хуткага прыгатавання – вермішэлі, пюрэ.
– Канешне, больш карысна ўжываць свежапрыгатаваную ежу, – пагаджаецца Жанна Кісель. – Але калі няма выйсця, то гэта лепш, чым страўнік будзе “пераварваць сам сябе”.
Стравы хуткага прыгатавання спатрэбяцца тым, хто часта знаходзіцца ў дарозе. Яны псуюцца толькі тады, калі доўга пастаяць прыгатаваныя.