Казка фарміруе жыццёвы досвед чалавека. Яе карысна выкарыстоўваць у працы людзей розных прафесій. Мала хто  ведае, што казкі лечаць чалавека.

Што можна імі лячыць і якім чынам, высвятляем у псіхолага маладзечанскіх электрасетак Таццяны Жданавай.

– Казкатэрапія – гэта лячэнне казкай. Аднак трэба памятаць, што гэта не цудадзейныя лекі, якія дапамагаюць за ­адзін прыём, – заўважае спецыяліст. – Толькі доў­гая і напорыстая праца з казкай  дапаможа назапасіць досвед, які спатрэбіцца чалавеку ў жыцці.

Казка не мае ўзроставых абмежаванняў. Калі ведаць, як яна ўплывае на жыццё чалавека, можна ў многім дапамагчы свайму дзіцяці.

– Так, у кожнага дзіцяці ёсць любімая казка, – гаворыць Таццяна Жданава. – І яно просіць прачытаць яе зноў і зноў. Значыць, яна закранае важныя для маленькага чалавека пытанні. Даследаванні псіхолагаў паказваюць, што любімыя казкі праграмуюць жыццё чалавека.

Казка фарміруе “банк” жыццёвых сітуацый

Да 12 гадоў у дзяцей пераважае правапаўшарны тып мыслення. Значыць, што найбольш важная для іх развіцця і сацыялізацыі інфармацыя павінна перадавацца праз яркія вобразы. Менавіта таму казачныя і міфалагічныя гісторыі – лепшы спосаб перадаць сваё веданне свету.

– Першыя дзесяць год звычайна складаюцца добра,  побач бацькі, якія клапоцяцца пра дзіця, выхавальнікі ў дзіцячым садку, – адзначае Таццяна Жданава. – У падсвядомасці маленькага чалавека фарміруецца “банк” жыццёвых сітуацый.

Для казкатэрапіі можна падбіраць самыя разнастайныя казкі – у залежнасці ад таго, якога выніку хочуць дасягнуць. Гэта могуць быць і народныя (“Курачка-Раба”, “Былiнка i верабей”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Пчала i муха”, “Муха-пяюха”, “Коцiк, пеўнiк i лiсiца”, “Лёгкі хлеб”, “Каток-залаты лабок”), і аўтарскія казкі (кніга “Казкі жыцця” Якуба Коласа, казкі Уладзіміра Караткевіча “Верабей, сава і птушыны суд”, “Нямоглы бацька”, “Чортаў скарб”, Людмілы Рублеўскай “Прыгоды мушкі Пік-Пік”). Таксама медытатыўныя казкі, якія дапамагаюць супакоіцца, адысці ад жыццёвых праблем, напрыклад, “Матылёк”, “Зорачка, якая выратавала свет”.  Гэта могуць быць і спецыяльна падабраныя псіхакарэкцыйныя казкі.

Стварэнне казак адлюстроўвае ўнутраны свет

– Таксама дзіцяці або даросламу можна прапанаваць стварыць самому казку, – раіць псіхолаг. – Гэта адлюструе ўнутраны свет пэўнага чалавека. Дапаможа інакш пагля­дзець на падзеі са свайго жыцця, на свае ўчынкі.

Казкатэрапія дапамагае вырашыць праблемы ў навучанні, вострыя жыццёвыя крызісы.

– Важна адзначыць, што ёсць некалькі варыянтаў працы з казкамі, – гаворыць Таццяна Жданава. – Расказванне казкі, маляванне, казкатэрапеўтычная дыягностыка, сачыненне казкі, стварэнне казачных лялек, пастаноўка казак.

Казкі вырашаюць прафесійныя задачы

Казкі могуць выкарыстоўваць і дактары, і педагогі, і псіхолагі, і бацькі. Кожны можа знайсці тыя рэсурсы, якія дапамогуць вырашыць прафесійныя задачы.

– Так, напрыклад, настаўнік гісторыі можа расказваць тэму “Гісторыя старажытнага свету”, – прыводзіць прыклад псіхолаг. – Пры гэтым ён можа распавесці цікавую легенду, казку. Вучні – паказаць гістарычную падзею ў сцэнцы. Настаўнік – прыйсці на ўрок у адпаведным касцюме. На трэба абмяжоўваць сваю фантазію. Тады можна не сумнявацца, што такі ўрок дзеці запомняць на ўсё жыццё. 

Формы працы з казкай вельмі разнастайныя, як і само жыццё. Абсалютна ўсё, што нас акружае, можа быць расказана дзіцяці мовай казак. Калі бацькі змогуць правільна выкарыстаць магчымасці казкатэрапіі, то пакажуць дзіцяці, што бязвыхадных сітуацый не бывае.

Віды казак

Казкі падраздзяляюцца на два вялікія віды – фальклорныя і аўтарскія. У аснове фальклорнай казкі ляжыць вымысел, аднак аўтар яе невядомы. Аўтарская казка мае пэўнага аўтара.

Гэтыя віды казак падраздзяляюць на тры вялікія падгрупы:

Анімалістычныя казкі (казкі пра жывёл) – у іх  галоўным дзеючым персанажам з’яўляюцца жывёлы, рыбы, птушкі. Гэтыя казкі найбольш любяць дашкольнікі: “Гадкае качаня”, “Кот і ліса”.

Чарадзейныя казкі – галоўны герой гэтага віду казак змагаецца з супрацьдзейнай сілай і заўсёды перамагае яе пры дапамозе чароўных прадметаў. Такія казкі асабліва любяць дзеці малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту: “Стаптаныя туфелькі”, “Русалачка”,

Характэрнай асаблівасцю сацыяльна-бытавых казак з’яўляецца аповед пра жыццё лю­дзей. Праз іх дзеці вучацца мадэлям паводзінаў дарослых: “Разумная дачка”, ”Мужык”.

Даведка “РГ”. Псіхакарэкцыйныя казкі – мастацкі твор, у якім створаная мадэль паводзінаў дзіцяці для вырашэння пэўнай задачы,  напрыклад, карэкцыі агрэсіўных паводзінаў, гіперактыўнасці, цяжкасцяў ва ўзаемаадносінах.     

Падчас працы з дзіцем псіхолаг падбірае героя казкі блізкага па полу, узросце дзіцяці, характары. Пасля апісвае яго жыццё ў казачнай краіне. Яно падобнае на жыццё карэктуемага дзіцяці. Герой шукае выхад з пэўнай сітуацыі, напрыканцы разумеее свае памылкі, паводзіны.